За час будаўніцтва БелАЭС на будпляцоўцы адбылося 10 няшчасных выпадкаў, тры зь іх скончыліся сьмяротным зыходам.
Пра тое, як гэта адбылося, выданьню «Энэргетыка Беларусі» распавёў (PDF) кіраўнік групы аховы і правілаў бясьпекі БелАЭС Аляксандр Гутар.
12 ліпеня 2015 году на будаўнічым абʼекце будынка турбіны блёка № 1 пасьля заканчэньня работ мантажу апалубкі зваліўся з вышыні бэтоншчык. Сьледзтва выявіла, што ён груба парушыў правілы тэхнікі бясьпекі — не выкарыстаў ахоўнага пояса бясьпекі, працуючы на вышыні звыш 15 мэтраў.
20 кастрычніка таго ж году надзвычайнае здарэньне адбылося пры падобных абставінах. На будаўнічым абʼекце будынка турбіны блёка № 1 пры выкананьні работ па дэмантажы апалубкі разьбіўся цясьляр. Як выявіла расьсьледаваньне, рабочы таксама не прытрымліваўся правілаў тэхнікі бясьпекі.
«Цяпер вядзецца і расьсьледаваньне яшчэ аднаго выпадку, які адбыўся 26 жніўня 2016 г. на будаўнічым абʼекце „Будынак рэактара энэргаблёка № 2“. З вышыні 60 м на вышыню 21 м упаў кіслародны балён. Пры гэтым сьмяротна быў траўмаваны мантажнік, грамадзянін Украіны. Расьсьледаваньне яшчэ ня скончана, таму пра віну тых ці іншых асоб гаварыць пакуль рана», — адзначыў Гутар.
Сёньня, паводле слоў спэцыяліста, на будаўніцтве БелАЭС занятыя 5582 чалавекі.