Радыё Свабода пацікавілася, хто стаяў у пікетах за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці ў апошні дзень збору подпісаў. Як кажа адзін з арганізатараў Зьміцер Дашкевіч, зварот у Міністэрства культуры падтрымала амаль 10 тысяч чалавек.
Людзі, якія назьбіралі 10000 подпісаў за ўшанаваньне нацыянальнага сьцяга Беларусі

1
Адзін з арганізатараў збору подпісаў Зьміцер Дашкевіч у апошні дзень зладзіў пікет у пераходзе непадалёк ад чыгуначнага вакзалу.

2
Збор подпісаў у пераходзе каля плошчы Якуба Коласа.

3
Адзін са зборшчыкаў подпісаў малады хлопец Канстанцін. Да пікету ён вырашыў далучыцца на наступны дзень пасьля таго, як паставіў свой подпіс на блянку. На пікет ён прыйшоў пасьля працы і за некалькі гадзін пасьпеў сабраць каля трыццаці подпісаў. «Мы павінны разумець, што цяперашні дзяржаўны сьцяг прадстаўляе ня лепшы пэрыяд нашай гісторыі. А нацыянальны беларускі сьцяг дагэтуль ня мае ніякага статусу».

4
Пікет у пераходзе на станцыі мэтро Малінаўка

5
Тут зьбірае подпісы студэнт аднаго зь менскіх ВНУ Арцём. За няпоўныя два дні на гэтым месцы ў яго атрымалася сабраць больш за 200 подпісаў. «Большасьць людзей ставіцца нэўтральна. Але бываюць і пагрозы, і падзякі. Быў нават выпадак, калі паставіў подпіс міліцыянт у цывільным».

6
Збор подпісаў на станцыі мэтро Інстытут Культуры

7
Сябра Маладога фронту Сяргей Пальчэўскі зьбірае подпісы ад пачатку кампаніі. На сёньняшні дзень на ягоным ліку больш за 1600 штук. «Калі мы нічога не даб'емся нашай ініцыятывай, то хаця б распавядзём ды пакажам людзям, што выходзіць на вуліцы зь бел-чырвона-белым сьцягам і не баяцца – гэта нармальна. Варта спрабаваць».

8
Натальля Качаноўская, якая прынесла на пікет на станцыі мэтро Кастрычніцкая блянкі з подпісамі, зьбірала іх у сваім доме ды на вуліцах. «За савецкім часам я нават і ня ведала, пра бел-чырвона-белы сьцяг. Калі пабачыла яго ўпершыню, ён мне вельмі спадабаўся».