Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВУП Беларусі: да дна падзеньня яшчэ далёка


Пра якія тэндэнцыі ў беларускай эканоміцы гавораць сьвежыя статыстычныя дадзеныя?

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Можа пачаць з іранічнага камэнтару, што тэндэнцыі ў беларускай эканоміцы кажуць пра пэўную стабільнасьць. А менавіта стабільнае падзеньне беларускай эканомікі назіраецца вось ужо некалькі месяцаў — прыблізна з аднолькавымі лічбамі. Згодна са зьвесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, аб’ём валавога ўнутранага прадукту ў студзені—верасьні 2016 году склаў 97,1% да такога ж пэрыяду 2015 году. Такое ж падзеньне назіралася і ў мінулых месяцах.

Іншая вельмі важная лічба — колькасьць стратных арганізацый у студзені-жніўні 2016 году ў параўнаньні з такім жа леташнім пэрыядам вырасла з 1533 да 1670, або на 8,9%. Тут якраз «стабільнасьці» няма — а ёсьць нарастаньне тэмпаў. А аб’ём перавозак грузаў за студзень—верасень скараціўся на 4,3%.

Па выніках году спраўдзяцца ацэнкі МВФ, які заяўляў, што ВУП Беларусі упадзе прыблізна на 3%

Сыходзячы з гэтых лічбаў, можна сьмела даваць прагноз, што па выніках году спраўдзяцца ацэнкі МВФ, які заяўляў, што ВУП Беларусі упадзе прыблізна на 3%, і што заявы беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасьці, прэм’ера Кабякова, былі занадта аптымістычнымі. Тады былі іншыя тэндэнцыі, зьвязаныя з Расеяй і коштам на нафту. Але заўсёды спраўджваюцца прагнозы не беларускіх чыноўнікаў, а міжнародных арганізацыяў.

Як рэагуе беларускае кіраўніцтва на гэтыя сумныя дадзеныя, ці робіць нешта? Вось ужо ад выбарчай кампаніі 2015 году ішлі даволі гарачыя спрэчкі наконт таго, што ўлады вымушаныя будуць пайсьці на эканамічныя рэформы. І пасьля кожнага выступу Аляксандра Лукашэнкі, калі ён заяўляе, што рэформы не патрэбныя і іх не будзе, некаторыя экспэрты кажуць, што насамрэч рэформы ідуць, проста Лукашэнка не хоча іх прызнаваць.

Але я прытрымліваюся іншага падыходу, які падзяляюць многія незалежныя эканамісты, што ніякіх патрэбных Беларусі рэформаў не праводзіцца, афіцыйнае беларускае кіраўніцтва вырашыла перачакаць, калі зьменяцца зьнешнія абставіны, калі Расея зноў пачне зьніжаць цэны на газ і нафту, больш шырока купляць беларускія тавары. За кошт гэтага мяркуецца перажыць гэты крызыс.

Карбалевіч: Крызыс працягваецца. Насельніцтва працягвае здаваць валюту, каб падтрымаць ранейшы ўзровень жыцьця. Гэтая тэндэнцыя цягнецца ўжо колькі месяцаў з пачатку году. То бок, рэальныя даходы насельніцтва сапраўды падаюць. Хоць, магчыма, да канца году тэмп падзеньня ВУП трохі скароціцца.

Бо, па-першае, павялічацца аб’ёмы паставак нафты ў Беларусь. Закончылася «нафтагазавая вайна», і да канца году ў 4-м квартале адновяцца ранейшыя пастаўкі расейскай нафты. А, як вядома, роля нафты і нафтапрадуктаў, іх экспарту даволі вялікая ў ВУП Беларусі.

Па-другое, сусьветная цана на нафту павялічваецца. І, магчыма, яшчэ будзе павялічвацца ў сувязі з тым, што краіны, якія экспартуюць і здабываюць нафту дамовіліся пра скарачэньне здабычы.

Па-трэцяе, газавыя пагадненьні, дасягнутыя апошнімі тыднямі, могуць даць невялічкі станоўчы эфэкт з гледзішча статыстыкі.

Я думаю, што сапраўды існуе спадзеў на зьмену зьнешняй кан’юнктуры.

Віталь казаў, што ўлады ня вельмі імкнуцца нешта мяняць у гэтых варунках. Я думаю, што сапраўды існуе спадзеў на зьмену зьнешняй кан’юнктуры. Пра гэта кажуць і Лукашэнка, і прэм’ер, і іншыя афіцыйныя асобы. Я ня думаю, што гэта толькі такі казённы аптымізм, хоць ён таксама мае месца, таму што сапраўды афіцыйныя асобы павінны дэманстраваць аптымізм.

У мяне такое ўражаньне, што яны сапраўды вераць у шчасьлівую зорку, ў тое, што ізноў будзе нейкая расейская ці кітайская халява, ці Іран пачне пастаўляць нафту па ільготных цэнах. Ну а Лукашэнка, як звычайна, кажа, што рэформаў ня будзе, апошні раз — падчас выступу ў парлямэнце, дзе ён казаў, што ня трэба ніякіх рэформаў, будзем выходзіць з крызысу традыцыйнымі мэтадамі.

Гэта таксама ягоная пазыцыя, якая не мяняецца шмат гадоў. Але зьвернем увагу вось на якую акалічнасьць: рэч у тым, што ніхто асабліва не падштурхоўвае ўлады да таго, каб нешта мяняць у эканамічнай палітыцы. Падчас крызысу 2011 году, у 2012-м годзе ў краіне былі нейкія сацыяльныя канфлікты: страйкі, збор подпісаў на адрас прэзыдэнта, незадаволеньне было ў працоўных калектывах. Цяпер абсалютна нічога няма. Хоць крызыс непараўнальны з тым, што быў у 2011 годзе. І гэты чыньнік, на мой погляд, галоўны. Маўляў, навошта нешта мяняць, калі ў краіне сацыяльная стабільнасьць?

Дракахруст: Сапраўды, МВФ прагназуе падзеньне сёлета, падзеньне ў наступным, 2017 годзе, але што цікава: ён прадказвае невялічкі рост у 2018 годзе. Зразумела, у цяперашняй сытуацыі прагноз на 2 гады наперад суправаджаецца вялікай доляй умоўнасьці.

Але тым ня менш, мне здаецца, што калі МВФ прадказвае ў 2018 годзе рост, то гэта азначае, што, паводле Фонду, беларуская эканоміка не вычарпала цалкам свой «рэсурс». Яна адаптуецца да новых неспрыяльных умоваў, але ўсё ж такі выжыць можа.

Абставіны могуць разбурыць самыя ўстойлівыя ідэалягічныя забабоны.

Але да таго часу, зразумела, трэба дажыць. Лукашэнка відавочна ня хоча рэформаў. Аднак абставіны могуць разбурыць самыя ўстойлівыя ідэалягічныя забабоны. Так, беларусы — народ цярплівы, яны гатовыя пачакаць, але ёсьць пэўная мяжа. Колькі яны могуць чакаць?

Напрыканцы 90-х, усе нулявыя гады усё ж такі эканоміка расла. Тады размова не ішла пра такое доўгае пагаршэньне жыцьця, з году ў год, з месяцу ў месяц. Нешта падобнае было на пачатку 90-х, дык мы памятаем, чым гэта скончылася — прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

Выбараў такіх як тады, цяпер у Беларусі няма, але ў самога Аляксандра Лукашэнкі ёсьць досьвед, чым завяршаецца такое шматгадовае беспрасьветнае пагаршэньне жыцьця, калі незразумела, дзе выйсьце, колькі чакаць? Усё жыцьцё чакаць?

Я не выключаю, што і сытуацыя з пратэстамі можа зьмяніцца, і пазыцыя ўладаў можа зьмяніцца. Лукашэнка цяпер што гаворыць? Нашто нам мяняць сыстэму, якая паказала сваю эфэктыўнасьць. Ну а калі яна паказвае з году ў год сваю неэфэктыўнасьць?

Мы памятаем доўгую барацьбу Лукашэнкі зь лібэралізмам уласнага ураду. У інтэрвію польскай «Rzeczpospolita» міністар Макей ня тое каб дэзавуяваў грозныя словы Лукашэнкі на адрас МВФ, але з заяваў Макея можна зразумець, што далёка ня ўсе масты з Фондам спаленыя, і перамовы будуць працягвацца.

Ня выключана, што калі яшчэ пэўны час працягнецца цяперашняя беспрасьветная сытуацыя, і «партыя рэформаў» можа набыць большую вагу, чым яна мае на сёньняшні дзень.

Цыганкоў: Калі ў 2018-м годзе пачнецца рост, а гэта дастаткова рэалістычна, то трэба ўлічваць, што ён пачнецца пасьля вялікага ўзроўню падзеньня трох гадоў. Рост эканомікі заўважаўся ў краінах Усходняй Эўропы пасьля 2-3 гадоў рэформаў, нават у постсавецкіх краінах ў 1995-1997 гадах ужо заўважаўся рост пасьля 4-5 гадоў падзеньня. А тады ж былі зусім тэктанічныя зрухі ў эканоміцы. Так што гэта лягічна, што пасьля падзеньня пачнецца рост, яно ж ня можа працягвацца вечна. Але гэта ня будзе дасягненьнем беларускай афіцыйнай эканамічнай думкі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG