З нагоды 500-годзьдзя беларускага кнігадруку Згуртаваньне «Бацькаўшчына», культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі» і Саюз беларускіх пісьменьнікаў абвясьцілі кампанію «Пяцісотгоднасьць». У яе рамках складаецца рэйтынг найбольш знакавых кніг за ўвесь час беларускага кнігадрукаваньня.
«Мэта — вызначыць ня лепшую, а найбольш важную кнігу для нашай краіны: аўтарскую ці перакладную, рэнэсансную ці новачасную, самае галоўнае — тую, што зрабіла ў свой час уплыў на грамадзтва ці на пэўную сфэру і паўплывала на фармаваньне беларускай нацыі», — гаворыцца ў паведамленьні кампаніі «Будзьма».
Арганізатары прапануюць пералік 50 кніг, які можна дапаўняць сваімі прапановамі. Сьпіс закрыюць 23 кастрычніка, а наступным днём, 24 кастрычніка, пачнецца галасаваньне. У выніку будзе складзены Топ-20 самых уплывовых кніг Беларусі.