Боб Дылан атрымаў Нобэлеўскую прэмію. Літаратурную.
Камэнтатары, як заўжды, абвінавачвалі ўсіх — і Дылана, і Нобэлеўскі камітэт, і вар’яцкія часы, у якія нам давялося жыць, і сьвет, што імкліва абрынаецца ў бездань... Чарговым разам узгадалі Алексіевіч, але цяпер ужо гэтак паблажліва — маўляў, тая хоць зьбірала матэрыял ды кнігі выдавала, а гэты што? Сьпяваў сабе песенькі пад гітарку ды гармонік... Блазан нейкі! Пісьменьнік мусіць сядзець за сталом, прыймаць паставу мысьляра і нараджаць фаліянты. А ня езьдзіць па фэстывалях, падымляючы падазронага выгляду цыгарэткай.
Я ніколі ня слухаў Дылана. Дакладней, мне здавалася, што ня слухаў. UB40 з Робэртам Палмэрам, Guns’n’Roses, безьліч іншых выканаўцаў рабілі кавэры на ягоныя песьні. І я чуў усю гэтую багатую Бобаву спадчыну, ня ведаючы, што ён аўтар. І плюс калясальны ўплыў на расейскі ды польскі рок, якім мы калісьці заслухоўваліся. Уплыў, дарэчы, і музычны, і тэкставы.
Недзе гадоў зь пяць таму мне падаравалі дыск з выступамі Дылана на фэстывалі ў Ньюпарце. На першых канцэртах ён — тыповы кантры-выканаўца з гітарай, гармонікам і часьцяком дуэтам зь якойсьці кантры-дывай. А потым, праз пару гадоў — нечакана — з гуртом, і сьпявае ўжо сапраўдны рок-н-рол!
Фанаты доўга не маглі дараваць Бобу гэтую здраду. Для іх ён мусіў назаўсёды заставацца фолк-сьпеваком з гітарай і гармонікам. А ён пайшоў далей.
Я ня буду казаць пра паэзію Дылана. Хто ведае, той разумее й цэніць. Хто ня ведае і ня хоча ведаць, таму не растлумачыш.
Як не растлумачыш пэўнай катэгорыі людзей, што літаратура (перадусім, паэзія) ствараецца ня толькі за масіўным дубовым сталом зь філіжанкаю кавы пасьля прачытаньня сьвежае прэсы. Дзякуй Богу, сябры Нобэлеўскага камітэту не належаць да гэтае чалавечае катэгорыі.