У адрас кандыдата ў прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа паступілі новыя абвінавачваньні ў сэксуальных дамаганьнях.
41-гадовая амэрыканка, якая брала ўдзел у рэаліці-шоў мільярдэра «Вучань» (The Apprentice), заявіла, што Трамп у 2006 годзе запрасіў яе на гутарку з нагоды магчымага працаўладкаваньня і спрабаваў схіліць да інтымнай блізкасьці. Свае абвінавачваньні жанчына прадʼявіла на прэс-канфэрэнцыі ў Лас-Вегасе, якую яна склікала ў пятніцу. Яшчэ адна жанчына распавяла выданьню The Washington Post пра дамаганьні Трампа, якія, як сьцьвярджаецца, адбыліся ў 1990-х гадах у нью-ёрскім начным клюбе, дзе яна працавала афіцыянткай.
Трамп абверг гэтыя заявы, назваўшы іх паклёпам. Раней пра абвінавачваньні ў адрас мільярдэра ў сэксуальных дамаганьнях пісала выданьне The New York Times. Прадстаўнікі кандыдата ад рэспубліканцаў назвалі паведамленьні СМІ «палітычнай атакай» і запатрабавалі адклікаць публікацыю.
7 кастрычніка выданьне The Washington Post апублікавала відэа, на якім мільярдэр у прыватнай гутарцы нецэнзурна выказваецца пра жанчын. Некалькі рэспубліканскіх палітыкаў пасьля гэтага заклікалі Трамп зьняць сваю кандыдатуру. Мільярдэр папрасіў прабачэньня за свае словы, але адмаўляцца ад удзелу ў выбарах не стаў.