На старшыню рады футбольнага клюбу «Граніт-Мікашэвічы» Марыну Быструю складзены адміністрацыйны пратакол у адпаведнасьці з артыкулам 9.13 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях («парушэньне заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб»).
Падставай для складаньня пратаколу стала тое, што на беларускамоўны зварот ініцыятара кампаніі «Справаводзтва па-беларуску» Ігара Случака яна накіравала расейскамоўны адказ. Пра гэта грамадзкаму актывісту паведамілі ў Лунінецкім райвыканкаме.
«На кіраўніка рады ФК „Граніт“ складзены адміністратыўны пратакол за ігнараваньне нормаў закона „Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб“ — адказ на беларускамоўны зварот па-расейску», — паведаміў у Фэйсбуку ініцыятар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску» Ігар Случак.
Гэта ўжо ня першы выпадак, калі Ігар Случак дамогся пакараньня за непаважлівае стаўленьне да беларускай мовы. У прыватнасьці, жыхара Мазыра Дзьмітрыя Шчарбатых аштрафавалі за абразу беларускай мовы ў інтэрнэце на чатыры базавыя велічыні (84 рублі).