Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць Паліенку. Пракурор просіць 2 гады з адтэрміноўкай. Анлайн

11 кастрычніка пачаўся працэс над анархістам Зьмітром Паліенкам, якога абвінавачваюць у «пагрозе гвалтам альбо гвалтоўных дзеяньнях супраць міліцыянта» за дзеяньні ў час жорсткага затрыманьня ўдзельнікаў акцыі раварыстаў «Крытычная маса».

11 кастрычніка ў Цэнтральным раённым судзе Менску пачаўся працэс над анархістам, былым нацыянал-бальшавіком Зьмітром Паліенкам, якога абвінавачваюць у «пагрозе гвалтам альбо гвалтоўных дзеяньнях супраць міліцыянта» за дзеяньні ў час жорсткага затрыманьня ўдзельнікаў акцыі раварыстаў «Крытычная маса».

Праваабарончы цэнтар «Вясна» назваў затрыманьне раварыстаў «непрапарцыйна гвалтоўным спыненьнем акцыі». Праз 4 месяцы па затрыманьні Паліенку таксама абвінавацілі ў распаўсюдзе парнаграфіі.

12:39 11.10.2016

Міліцэйская куртка была паношанай

Судзьдзя Есьман зачытаў экспэртызу курткі Калтунова. Было чуваць: «Ёсьць сьляды разрыву тканіны, куртка сярэдняй ступені зношанасьці». Астатняе неразборліва. З залі прагучаў заклік да судзьдзі, каб чытаў па магчымасьці гучней. Судзьдзя Есьман ніяк не адрэагаваў, гучней вымаўляць ня стаў.

12:31 11.10.2016

Сьведка Канавалаў не прыйшоў у суд

Затрыманы разам з Паліенкам падчас акцыі «Крытычная маса» Станіслаў Канавалаў у суд не зьявіўся. Гэты сьведка даслаў мэдычную даведку, што хворы, і заяву, што згодны, каб ягоныя паказаньні былі зачытаныя ў судзе.

Пракурор Юркевіч зачытаў паказаньні Канавалава:

«Дзьмітры ехаў за мной, мы зьехалі з роварнай дарожкі на праезную частку, потым пачулі абʼяву ДАІ, каб вярнуліся на тратуар. Мяне спрабаваў спыніць інспэктар ДАІ, схапіў за ровар на хаду, мы паваліліся. Я спрабаваў падняцца, але інспэктар трымаў мяне, адзеў кайданкі. Інспэктар паказваў парваную куртку і казаў іншым міліцыянтам: «Глядзіце, што ён зрабіў». Хаця я нічога гэтага не рабіў.

На гэтым паказаньні Канавалава скончыліся. Суд перайшоў да вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы.

12:30 11.10.2016

Працэс аднавіўся

Аднавіўся працэс над Паліенкам. Прыйшоў сьведка Ўладзімер ( прозьвішча прагучала неразборліва), амапавец. Пра падзеі сьведка распавёў, што абвінавачаны ўчапіўся ў ровар, цягнуў, з другога боку цягнуў супрацоўнік ДАІ. Потым абвінавачанага «адарвалі» ад ровара, і ён пхнуў супрацоўніка ДАІ. Пра куртку сьведка сказаў, што ня бачыў, як парвалі куртку, бачыў толькі, як Паліенка цягнуў за руку міліцыянта.

11:25 11.10.2016

Суд зрабіў перапынак на 1 гадзіну, бо няма больш сьведак. Не прыйшлі Станіслаў Канавалаў, раварыст, і сьведка-апамавец. Судзьдзя Есьман сказаў: «Шукайце».

11:22 11.10.2016

Выклікалі ў суд у якасьці сьведкі бацьку, Аляксандра Паліенку. Той пагадзіўся даваць паказаньні. Пра Зьмітра сказаў, што той добры чалавек, разумны, мае свае погляды, дапамагае па дому, добра працаваў. 3 гады таму памерла маці. Вучыўся добра, пасьля ліцэя працаваў на МАЗе, потым працаваў у краме, казаў, што паступаць у ВНУ будзе пазьней. Чытае шмат кніг, любіць гуляць у футбол, захапляецца кампутарам. Чаму на момант затрыманьня не працаваў?

— Быў у пошуку. Шукаў лепшую працу, каб яму спадабалася. Хацеў уладкавацца на СТА.

Пракурор: Ці было вам вядома, што ён браў удзел у розных акцыях? Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях?

— Так, гэта ягоная пазыцыя.

Вольга Мікалайчык і іншыя прысутныя публічна абурыліся на пытаньні пракурора пра ўдзел у акцыях. Іншыя яе падтрымалі. Судзьдзя ў выніку зрабіў заўвагу Мікалайчык.

Пракурор пасьля гэтага сказаў: «Я ж не кажу, гэта добра ці дрэнна, што ён браў удзел у акцыях. Але нешта ж яго падштурхнула да гэтага».

11:22 11.10.2016

Сьведка Ўладзімер Рудкоўскі, таксама з ДАІ, паведаміў суду, што падʼехаў да «Белай вежы» і ўбачыў, як супрацоўнікі ДАІ затрымівалі хлопцаў, якія ехалі на роварах.

«Вялікі хлопец ляжаў на зямлі, яго спрабаваў затрымаць міліцыянт, тут да міліцыянта падскочыў маленькі хлопец і пачаў цягнуць за руку. Потым іх усіх схапілі АМАПаўцы і пацягнулі ўсіх ў аўтобус. Нейкіх удараў і штуршкоў з боку хлопцаў я ня бачыў, машына закрыла агляд», — сказаў сьведка.

Ён пазнаў у Паліенку «маленькага хлопца» : «Ён быў у сіняй куртцы». Паводле сьведкі, хлопцаў было шмат, а калі ён падышоў, хлопцы кінуліся ў бакі, а Паліенка і Канавалаў засталіся. Пра Паліенку ён згадаў, што той «пачаў адцягваць інспэктара», а як гэта было, ці той біўся — сказаў, што ня бачыў.

11:00 11.10.2016

Яшчэ адзін сьведка-міліцыянт

Сьведка, супрацоўнік ДАІ Аляксандар Дашыкевіч распавёў пра тое, як яны спынялі ўдзельнікаў акцыі «Крытычная маса». Пра тое, як пацярпелы Калтуноў, ягоны напарнік, затрымліваў раварыста Канавалава.

«Падышоў да іх, калі яны ўжо ляжалі на зямлі».

— А чаму яны ляжалі?

— Ня ведаю, ня бачыў. Тады ўбачыў, як Канавалаў спрабаваў вырваць ровар з рук Калтунова, і тут падʼехаў Паліенка, ён быў у сіняй байцы.

Пракурор: Што было далей? Як Паліенка змагаўся, рваў куртку, бачылі?

— Не, гэтага я ня бачыў. Потым убачыў, што ў напарніка парваная куртка. Хто гэта мог зрабіць? Там больш нікога, акрамя Паліенкі з напарнікам, не было. На пытаньне адваката Паліенкі сьведка яшчэ раз удакладніў, што ня бачыў моманту, як Паліенка рваў куртку Калтунова. Ці гаварыў той потым, што гэта Паліенка яму парваў куртку, сьведка ня памятае.

Калі сьведка сыходзіў з залі, людзі казалі яму дзякуй «за тое, што ня хлусіў».

10:45 11.10.2016

На пытаньне судзьдзі, як мяркуеце, трэба пакараць Паліенку, пацярпелы Калтуноў сказаў: «На вырашэньне суду».

10:43 11.10.2016

Міліцыянт распавёў, як парваў куртку

Пацярпелы распавёў, як падчас выкананьня загаду аб спыненьні велапрабегу «Крытычнай масы» ён на хаду спыніў Канавалава, які ехаў на ровары. Яны ўпалі. Пачаў падымацца, як адчуў, што яго за руку трымае Паліенка. «Адчуў рывок курткі. Я яго схапіў за руку, а ён вырываецца. Разумею, што, калі адпушчу, дык зьбяжыць. Я зрабіў два ўдары ў вобласьць тулава, гэта ў адпаведнасьці з законам. Ён пасьля гэтага лёг на асфальт, упаў».

У выніку ў мяне парваная куртка. Ніякіх іншых пашкоджаньняў няма.

10:40 11.10.2016

Паліенка ня хоча даваць паказаньні

Паліенка адмовіўся даваць паказаньні. Судзьдзя пачаў допыт пацярпелага Аляксандра Калтунова.

Зьміцер Паліенка
Зьміцер Паліенка

10:32 11.10.2016

Пачалося судовае сьледзтва

Судзьдзя Есьман адхіліў адвод Паліенкі, спаслаўшыся на меркаваньне пракурора і пацярпелага супрацоўніка ДАІ. Пачалося судовае сьледзтва. Пракурор Алег Юркевіч пачаў выступ з эпізоду пра ролік парнаграфічнага зьместу, які нібыта разьмясьціў у інтэрнэце Паліенка і гэтым «прыняў удзел у яго рэклямаваньні».

Потым пракурор зачытаў з абвінавачаньня эпізод пра напад на міліцыянта-супрацоўніка ДАІ. Пры гэтым у зале пачалі сьмяяцца.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG