Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна»: Амапаўцы зьбівалі непаўналетніх і пагражалі ім сэксуальным гвалтам


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Амапаўцы зьбівалі непаўналетніх у аўтазаку і пагражалі ім сэксуальным гвалтам. Пазьней хлопцаў абвінавацілі ў гвалце адносна супрацоўніка АМАПу.

Пра гэта распавяла Праваабарончаму цэнтру «Вясна» маці аднаго з пацярпелых хлопцаў.

Увечары 18 ліпеня 2016 году непаўналетнія А. і М. шпацыравалі па Цэнтральным раёне Менску, выпілі невялікую колькасьць алькагольных напояў.

Калі хлопцы пайшлі на прыпынак грамадзкага транспарту, іх паклікалі амапаўцы. Хлопцы спалохаліся затрыманьня і сталі ўцякаць. Празь некаторы час яны палічылі, што іх больш не даганяюць, і зноў спакойна пайшлі да прыпынку. Але нечакана да іх ззаду падбег супрацоўнік АМАПу і беспадстаўна ўдарыў кулаком у галаву М. Той упаў. А. стаў зноў уцякаць, аднак вярнуўся і ўбачыў, што ягоны сябар М. усё яшчэ ляжыць на зямлі і ў яго пад вокам велізарная гематома.

Пасьля гэтага хлопцаў пагрузілі ў аўтазак і павезьлі на мэдычны агляд. У спэцмашыне былі яшчэ трое непаўналетніх затрыманых хлопцаў.

Калі аўтазак крануўся, А. падышоў да супрацоўніка АМАПу Алега Шарко і хацеў папрасіць, каб машыну спынілі, бо яму стала кепска. Машына стала прытарможваць, А. не ўтрымаўся і зваліўся на Шарко.

Пасьля гэтага амапаўцы пачалі рукамі і нагамі біць па галаве і тулаве ня толькі А., але і ягонага сябра М. Затым паклалі іх тварам у падлогу, надзелі кайданкі за сьпінай і працягнулі зьбіваць.

Паводле маці, зьбіцьцё працягвалася доўга і плянамерна, але самае горшае пачалося, калі трое сьведак, што сядзелі ў аўтазаку, пакінулі яго. Да хлопцаў наблізіўся адзін з амапаўцаў і выказаў жаль, што ім няма 18 гадоў. Інакш ён з задавальненьнем бы ажыцьцявіў над імі гвалтоўны анальны палавы акт, і ў будучыні яны ў месцах пазбаўленьня волі сталі б асобамі зь нізкім сацыяльным статусам. Пасьля такіх пагроз хлопцаў абязрушылі тварам уніз, чуваць было, як здымаюць штаны, М. і часткова А. на галовы палілася нейкая вадкасьць.

Пасьля неаднаразовых скаргаў у дзяцей узялі зрэз валасоў, і генэтычная экспэртыза пацьвердзіла сьляды мачы на галаве. Аднак праверка не змагла ўстанавіць, хто канкрэтна з супрацоўнікаў праваахоўных органаў гэта зрабіў.

Гвалтоўныя дзеяньні адносна непаўналетніх таксама пацьвярджаюцца вынікамі мэдычнага агляду і паказаньнямі сьведак.

«Майго сына цяпер абвінавачваюць у крымінальным злачынстве — гвалце ў дачыненьні да супрацоўніка АМАП, які выявіўся ў нанясеньні яму ўдару па твары. Але гэта няпраўда — у сына праблемы з сэрцам, і ён пра гэта казаў, калі прасіў спыніць машыну», — сказала «Вясьне» маці А.

Яна лічыць, што калі АМАПаўцы ўсьвядомілі, што нарабілі, яны напісалі заяву на непаўналетніх А. і М. Аднак пазьней сказалі, што біў толькі адзін — менавіта яе сын.

Паводле пацярпелага супрацоўніка АМАПу Алега Шарко, пасьля таго як аўтазак крануўся, хлопец падняўся з лаўкі, падышоў і ўдарыў яго па твары.

Таксама на падлеткаў склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні паводле арт. 17.3 КаАП са стандартнымі фармулёўкамі: «Знаходзіўся ў пʼяным выглядзе ў грамадзкім месцы, хістаўся з боку ў бок, у навакольнай абстаноўцы арыентаваўся слаба».

Супрацоўнікі АМАП Алег Шарко, Улад Рутчанкаў і Андрэй Алекан, якія затрымлівалі падлеткаў, сьцьвярджаюць, што ні разу іх ня ўдарылі.

«Узьнікае пытаньне: калі падлеткі былі настолькі пʼяныя, як яны змаглі ўцячы ад АМАПу? Або ў вайсковай частцы настолькі кульгае падрыхтоўка, што байцы няздольныя дагнаць двух хісткіх непаўналетніх пʼяных хлопцаў?» — пытаецца маці А.

Яна ўжо зьвярнулася ў пракуратуру, Міністэрства ўнутраных спраў і Сьледчы камітэт са скаргамі аб неправамерным ужываньні фізычнай сілы супрацоўнікамі АМАПу да непаўналетніх А. і М.

Таксама жанчына знайшла ў сацыяльнай сетцы згаданых амапаўцаў і зьдзівілася, колькі агрэсіі ў іхніх статусах і на фатаздымках.

Камэнтуючы гэтую сытуацыю, юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка сказаў, што незалежна ад таго, ці вінаватыя непаўналетнія ў правапарушэньнях, прымяненьне да іх жорсткага, бесчалавечнага, зьневажальнага абыходжаньня недапушчальна.

«Па кожным факце такога звароту павінна праводзіцца абʼектыўная праверка, і вінаватыя асобы павінны прыцягвацца да адказнасьці. У дадзенай сытуацыі складаецца ўражаньне, што праверка была неабʼектыўная і няпоўная. Тым больш што, паводле зьвестак праваабаронцаў, апытаныя былі ня ўсе сьведкі бясчынстваў праваахоўнікаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG