Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды зьніклі людзі? Звольнілі на 92 тысячы больш, чым прынялі, а беспрацоўе ўпала


За студзень-жнівень 2016 году ў Беларусі на працу былі прынятыя 402,8 тысячы чалавек, а звольненыя 494,7 тысячы, вынікае са зьвестак Белстату.

Ужо звольнілі на 91,85 тысячы чалавек больш, чым прынялі на працу, а за ўвесь 2015 год былі «згубленыя» толькі 83,5 тысячы чалавек. І колькасьць звольненых перавышае колькасьць прынятых на працу штомесяц зь лістапада 2015 году.

Пры гэтым (і пры тым, што падае ўсё — ВУП, заробкі, вытворчасьць, зьнешні гандаль) афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных ня стала болей. На канец жніўня 2016 году такіх было 42,6 тысячы чалавек (меней за 1% эканамічна актыўнага насельніцтва, на 686 беспрацоўных менш, чым у леташнім жніўні).

Але доля працаздольнага насельніцтва падае, расьце доля дзяцей і пэнсіянэраў. Колькасьць насельніцтва, занятага ў эканоміцы, скарацілася ў студзені-жніўні ў параўнаньні з 2015 годам на 73 тысячы (застаецца яшчэ амаль 20 тысяч «зьніклых» працаўнікоў). Агульная колькасьць насельніцтва нават паціху расьце: больш мігруюць у Беларусь, чым з Беларусі.

У статыстыцы ня ўлічваюцца мікраарганізацыі і малыя арганізацыі без падпарадкаванасьці ведамствам. Але кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка кажа Свабодзе, што сумняваецца ў тым, што «зьніклыя» работнікі падаліся ў такія арганізацыі. Значная колькасьць прадпрымальнікаў, наадварот, афіцыйна ці неафіцыйна спыніла дзейнасьць.

Леанід Заіка
Леанід Заіка

«Што адбылося з гэтымі людзьмі? Калі гэта жанчыны, то яны часта проста сядзяць бяз працы. Напрыклад, тыя жанчыны, якія трымалі шапікі, наўрад ці знойдуць працу — больш запатрабаваныя „мужчынскія“ прафэсіі», — разважае Заіка.

Эканаміст заўважае, што, згодна зь вядомымі яму падлікамі, да мільёну беларусаў часова працуе за мяжой: напрыклад, на сельскагаспадарчых ці будаўнічых работах. Магчыма, «зьніклыя» там.

«Але 1% беспрацоўя — можаце зь яго сьмяяцца! — кажа Заіка. — Ва ўсім сьвеце замеры беспрацоўя ідуць па хатніх гаспадарках, а ў нас — па тых, хто зарэгістраваўся на біржы працы. А ня кожны гэта хоча ці можа зрабіць. 1% — гэта ўнікальныя людзі, якія ў нешта там вераць альбо хочуць атрымаць тыя 10 даляраў на месяц.

З таго, што рабілі нашыя сацыёлягі, атрымлівалася, што за два гады да 30% насельніцтва так ці іначай страчвала працу. А на сёньняшні дзень, пры зьніжэньні ВУП у даляравым эквіваленце практычна ўдвая, недзе на ўзроўні 15-17% будзе беспрацоўе».

Ён дадае, што людзей могуць і не звальняць, а адсылаць у доўгатэрміновыя адпачынкі; прадпрыемствы могуць плаціць мінімальныя грошы работнікам пры тым, што працы фактычна няма; пераходзіць на адна- ці двухдзённыя працоўныя тыдні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG