Бізнэсоўцы заяўляюць: расейскі бок імкнецца да татальнага кантролю над беларускім рынкам расьлінаў, а фітасанітарная служба — толькі інструмэнт для нетарыфнага рэгуляваньня і нядобрасумленнай канкурэнцыі.
Хто мае бараніць інтарэсы беларускага бізнэсу?
Расейскае ведамства ўвяло абмежаваньні на закуп расьлінаў з польскіх гадавальнікаў і патрабуе ад беларусаў выканьня гэтых патрабаваньняў. Беларускія прадпрымальнікі тым часам сьцьвярджаюць: Галоўная дзяржаўнай інспэкцыя па карантыне расьлін Беларусі выконвае патрабаваньні расейцаў.
«Рашэньне, прынятае расейскім бокам, не спрыяе разьвіцьцю галіны ў нашай краіне, бо любая вытворчасьць заўжды пачынаецца зь імпарту. Калі ж скараціць імпарт, то неўзабаве зьнікне і экспарт», — тлумачыць сваё разуменьне сытуацыі адзін з магілёўскіх бізнэсоўцаў.
На ягоную думку, абмежаваньні, уведзеныя расейцамі і прынятыя беларускім ведамствам, прывядуць да падаражаньня расьліннага матэрыялу і зьбядняць асартымэнт. У доўгатэрміновай пэрспэктыве расейскі дыктат не дасьць разьвівацца беларускаму рынку.
«Дасягнуць посьпеху ў гэтай галіне немагчыма без кантактаў з больш разьвітымі гаспадаркамі эўрапейскіх краін, пераймаючы іх досьвед і тэхналёгіі, а таксама ажыцьцяўляючы імпарт новых сартоў і дарослых экзэмпляраў расьлінаў», — адзначае суразмоўца.
«Я не магу зразумець, прычым тут Беларусь да расейскіх абмежаваньняў. Хто мае бараніць інтарэсы беларускага бізнэсу?», — абураецца яшчэ адзін прадпрымальнік.
«Я б і з Галяндыі прывёз пасадачны матэрыял. Я ж у Расею яго не павязу. А каб разьвівацца, трэба мець дачыненьні з усімі. Чым больш будзе гандляроў у Беларусі, тым лепей для народу. Канкурэнцыя зьмяншае цэны і спрыяе разьвіцьцю. Мы ж і так на 50-100 гадоў адстаём ад разьвітых у гэтай галіне краінаў, а тут яшчэ Расея падказвае, у каго браць, а ў каго не».
Расейцы дазволілі беларусам гандляваць з 15 польскімі гадавальнікамі
Расейскі бок занепакоены, што палякі будуць пастаўляць у Расею пасадачны матэрыял з іншых краінаў Эўрапейскага зьвязу, бо між яго чальцамі няма межаў і тавары свабодна перасоўваюцца.
Як вынікае з паведамленьня, якое Фэдэральная служба па вэтэрынарным і фітасанітарным наглядзе даслала Галоўнай дзяржаўнай інспэкцыі па насеньняводзтве, карантыне і ахове расьлінаў Беларусі, у Расейскую Фэдэрацыю дазволена ўвозіць пасадачны матэрыял з 15 польскіх гадавальнікаў.
Такое рашэньне расейцы прынялі на падставе «сумеснага абсьледаваньня зацікаўленых у пастаўках у Расею пасадачнага матэрыялу польскіх гадавальнікаў». Абсьледавана было 37 гадавальнікаў.
Што раздражняе Маскву
Беларусы, у сваю чаргу, абураныя тым, што пад эмбарга трапілі іхнія даўнія польскія партнэры па бізнэсе. Беларускае ведамства, настойваюць бізнэсоўцы, ня брала ўдзелу ў згаданым абсьледаваньні, але ўзялося выконваць абмежаваньні расейцаў, ня ўлічваючы інтарэсаў беларускіх грамадзян.
"З досьведу сваёй працы мне вядома, што рынак расьлінаводзтва і продажу дэкаратыўных расьлінаў у Расеі кантралюецца пэўнымі коламі. Рэгіянальныя суб’екты самастойна ня могуць ажыцьцяўляць імпарту без маскоўскіх пасярэднікаў, — выказваецца яшчэ адзін бізнэсовец з Магілёўшчыны.
«Раней рэгіянальныя пакупнікі пры неабходнасьці паставак імпартных тавараў зьвярталіся па дапамогу да беларускіх кампаніяў і гэта раздражняла «Маскву», — дадае суразмоўца. — Таму ўведзеныя абмежаваньні разглядаюцца мной як спробы зьнішчыць канкурэнцыю. Каб дастаўнікі расьлінаў заставаліся пад кантролем тых «пэўных колаў».
Абсурд расейскіх абмежаваньняў
Прадпрымальнік перакананы, што расейцы знойдуць спосабы, як абысьці абмежаваньні, а вось эмбарга для беларускіх бізнэсоўцаў будзе дзейнічаць.
Адзін з бізнэсоўцаў паведаміў, што дасылаў ліст са сваім бачаньнем сытуацыі ў Галоўную дзяржаўную інспэкцыю па карантыне расьлінаў, але адказу на яго так і не атрымаў.
«Абмежаваньні расейцаў найбольш абсурдна выглядаюць на Берасьцейшчыне і Гарадзеншчыне», — сьцьвярджае ён.
«Чаму пастаўкі расьлінаў зь гадавальнікаў у Белай Падлясцы ці ў Беластоку мусіць рэгуляваць Масква? — ставіць пытаньне прадпрымальнік і сам на яго адказвае: — Каб берасьцейцы ці гарадзенцы куплялі тавар з тых жа Белай Падляскі ці Беластоку у Маскве ці праз Маскву. Вось да чаго вядуць уведзеныя расейцамі абмежаваньні».
Дырэктар Галоўнай інспэкцыі Беларусі па насеньніцтве, карантыне і абароне расьлінаў Аляксандар Піскун запэўніў Свабоду, што нічога не забаронена пры выкананьні пастаўшчыкамі патрабаваньняў Эўразійскага эканамічнага саюзу:
«У сувязі зь неаднаразовым выяўленьнем карантынных аб’ектаў уведзеныя абмежаваньні на ўвоз пасадачнага матэрыялу лесадэкаратыўных расьлінаў: увоз дазваляецца па выніках папярэдняй інспэкцыі месцаў вытворчасьці і прызнаньнем іх вольнымі ад карантынных шкодных арганізмаў па выніках адбору, аналізу ўзораў і лябараторнай экспэртызы».
Беларусь прыняла нормы, распрацаваныя «Рассельгаснаглядам», з 1 лютага 2014 году, паведаміў спадар Піскун.