Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Севярынец: «Лёс помніка Караткевічу ў Віцебску — невядомы»


Тацяна Севярынец каля помніка Ўладзімеру Караткевічу
Тацяна Севярынец каля помніка Ўладзімеру Караткевічу

Віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец паразмаўляла з намесьнікам галоўнага архітэктара гораду. Леанід Багданаў паказаў плян забудовы Віцебску ў тым раёне, дзе хочуць збудаваць Сафійскі сабор, нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці.

«Калі я пачула, што ў сквэры каля плошчы Леніна ўжо паставілі агароджу вакол месца будучага будаўніцтва, я пайшла паглядзець на свае вочы, што там робіцца. І я такая аказалася не адна: шмат людзей там зараз ходзіць і назірае за тым, як узводзяць плот. Выпадкова сустрэла спадарыню, якая патлумачыла, што гэты сквэр чакае шмат пераўтварэньняў. У тым ліку знос музэю партызанскага камандзіра Міная Шмырова і перапляніроўка ўчастка, які цяпер называецца Паркам партызанскай славы. Асабіста мяне занепакоіў лёс помніка Ўладзімеру Караткевічу, які стаіць непадалёк ад музэю. Таму я накіравалася на прыём да спадара Багданава — каб ён патлумачыў мне, што ўвогуле будзе рабіцца ў гэтым сквэры», — апавяла спадарыня Севярынец.

Музэй Міная Шмырова, які месьціцца ў гістарычным будынку
Музэй Міная Шмырова, які месьціцца ў гістарычным будынку


Прычына, паводле якой у сквэры чакаюцца зьмены — гэта будоўля новага Паўночнага маста, якая закране раён забудовы вуліцы Чэхава. Праўда, пра гэты мост вядзецца яшчэ з савецкіх часоў, і зрухаў не відаць аніякіх. Тым ня менш, існуе плян, згодна зь якім на новае месца мусяць перанесьці і музэй Шмырова — дарэчы, помнік архітэктуры пачатку 20-га стагодзьдзя, і помнік Уладзімеру Караткевічу, усталяваны ў Віцебску ў 1994-м годзе.

Намесьнік галоўнага архітэктара Віцебску паказаў гэты плян спадарыні Севярынец.

З помнікам Караткевічу зусім не зразумела. На пляне ён пазначаны ў цяперашнім месцы, але там будзе праходзіць дарога.

«Леанід Міхайлавіч Багданаў нас прыняў, падвёў да генэральнага пляну. І што мы там убачылі... Ён сказаў, што будаўніцтва Паўночнага маста дазволіць зьяднаць вуліцу Чэхава і вуліцу Гагарына, а дзеля гэтага будзе зьнішчана добрая палова сквэру. Перастане існаваць Парк партызанскай славы побач з музэем Міная Шмырова. Музэю на ранейшым месцы таксама ня будзе. Спадар Багданаў сказаў, што яго перанясуць бліжэй да вуліцы Ўрыцкага, але незразумела, што станецца з гістарычным будынкам. Ці яго таксама перанясуць, ці збудуюць новы — так і ня ясна. Але новае месца пад яго ў пляне пазначана. А з помнікам Караткевічу зусім не зразумела. На пляне ён пазначаны ў цяперашнім месцы, але там будзе праходзіць дарога. Я спыталася: „Куды будзе перанесены помнік?“ „Перанясем некуды сюды“,— сказаў спадар Багданаў, торкнуўшы пальцам некуды ў мапу. Але я ня ўбачыла на пляне таго месца, дзе ён апынецца канкрэтна», — сказала Тацяна Севярынец.

Актывістка занепакоеная, бо не выключае верагоднасьці, што помнік Уладзімеру Караткевічу зьнясуць, аднак болей ня ўзновяць.

Помнік Уладзімеру Караткевічу — гэта знакавае месца для многіх пакаленьняў віцяблян. Для кагосьці пісьменьнік — гэта славуты зямляк, які нарадзіўся непадалёк, у Воршы. Для кагосьці — сымбаль нацыянальнага адраджэньня, і недарэмна да гэтага помніка людзі прыходзяць і ў Дзень Волі 25 сакавіка, і ў дзень народзінаў вядомага літаратара. Тут жа, каля помніка Ўладзімеру Караткевічу, гараджане сабраліся і ўвечары 26-га верасьня, каб паставіць свае подпісы пад лістом пратэсту супраць зьнішчэньня сквэра дзеля будаўніцтва Сафійскага сабору, якога ў Віцебску ніколі не было.

Каля помніка Караткевічу 26 верасьня
Каля помніка Караткевічу 26 верасьня

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG