Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея падтрымала патрабаваньні МВФ да Беларусі


Ілюстрацыйнае фота, штаб-кватэра МВФ у Вашынгтоне
Ілюстрацыйнае фота, штаб-кватэра МВФ у Вашынгтоне

Расея лічыць, што Беларусі неабходна праводзіць глыбокія рэформы з мэтай ліквідацыі карэнных прычын слабасьці нацыянальнай эканомікі.

Як паведамляе БелаПАН, з такой пазыцыяй расейскі бок выступіў на верасьнёвым пасяджэньні выканаўчай рады МВФ, на якім абмяркоўвалася беларускае пытаньне.

Падчас рады МВФ прадстаўнікі Расеі віталі цяперашнюю манэтарную палітыку беларускіх уладаў, якая дазволіла стабілізаваць узровень золатавалютных рэзэрваў і ўзяць пад кантроль інфляцыю.

Адначасова з гэтым, паводле інфармацыі БелаПАН, расейскі бок заявіў, што для павышэньня эфэктыўнасьці эканомікі Беларусі неабходна ажыцьцяўляць рэструктурызацыю сэктару дзяржпрадпрыемстваў, прыватызацыю і ствараць мэханізмы сацыяльнай абароны насельніцтва на выпадак росту беспрацоўя.

У сувязі з гэтым прадстаўнікі Расеі віталі пашырэньне супрацоўніцтва Беларусі зь міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі (Сусьветным банкам, МВФ, Эўразійскім фондам стабілізацыі і разьвіцьця), у рамках якога краіна можа атрымаць падтрымку на правядзеньне структурных рэформаў у эканоміцы.

Паводле зьвестак БелаПАН, краіны ЭЗ і ЗША таксама падтрымалі рэкамэндацыі МВФ па рэфармаваньні беларускай эканомікі. На думку заходніх краінаў, Беларусі трэба павышаць рынкавую арыентацыю нацыянальнай эканомікі і зьніжаць ступень умяшаньня дзяржавы ў справы суб’ектаў гаспадараньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG