Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў гатовая разглядзець ідэю «бэбі-боксаў» — АНТ


«Бэбі-бокс», ілюстрацыйнае фота
«Бэбі-бокс», ілюстрацыйнае фота

Пасьля навіны пра маці, якая выкінула сваю толькі народжаную дачку ў сьмецьцеправод, дзяржаўны тэлеканал АНТ паведаміў: новае скліканьне Палаты прадстаўнікоў гатовае разгледзець ідэю «бэбі-боксаў»: месцаў, дзе жанчыны могуць ананімна пакінуць непажаданых нованароджаных дзяцей.

Такія бэбі-боксы (іх яшчэ называюць «вокнамі жыцьця») ствараюцца каля мэдыцынскіх ці рэлігійных установаў у шмат якіх краінах Эўропы, у тым ліку ў суседніх зь Беларусьсю Польшчы, Латвіі, Украіне, Расеі (у апошняй асобныя дэпутаты прапануюць іх забараніць).

«Безумоўна, можна дасьледаваць гэтую практыку, узяць нейкае рацыянальнае зерне, каб потым яго разьвіваць далей, бо з досьведу і блізкіх суседзяў, і далёкага замежжа мы заўжды бяром сабе нешта добрае, тое, што можна ўкараніць, — кажа дэпутат Палаты прадстаўнікоў 5 і 6 скліканьняў, сябра камісіі па ахове здароўя Дзьмітры Шаўцоў. Ну і зноў жа, у нас існуе інстытут дзіцячых дамоў, існуе вельмі даўно. І ўзровень цяпер зусім іншы, не такі, як быў 20 год таму».

Дзяржаўны тэлеканал са спасылкай на неназваных спэцыялістаў заяўляе, што патрэбна і ўзмацненьне адказнасьці за злачынствы кшталту забойства нованароджаных дзяцей, і сацыяльная падтрымка шматдзетных і адзінокіх маці.

На сёньня за забойства нованароджанага дзіцяці ў Беларусі маці, паводле арт. 140 Крымінальнага кодэксу, пагражае абмежаваньне альбо пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 год; проста забойства караецца паводле ч. 1 арт. 139 пазбаўленьнем волі на 6-15 год, а забойства заведама малалетняга, састарэлага альбо бездапаможнага чалавека — паводле ч. 2 арт. 139 пазбаўленьнем волі на 8-12 год, пажыцьцёвым зьняволеньнем альбо сьмерцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG