Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарка Мачулішчаў выкінула толькі народжаную дачку ў сьмецьцеправод


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Менскі раённы аддзел Сьледчага камітэту распачаў крымінальную справу па факце замаху на забойства супраць 28-гадовай жанчыны з Мачулішчаў.

Сьледчыя выявілі, што яна, нарадзіўшы дачку па месцы жыхарства, выкінула яе ў сьмецьцеправод з 7-га паверха, расказвае на Facebook прадстаўніца СК Юлія Ганчарова.

Дзяўчынка, якую ўвечары 19 сьнежня знайшлі ў кантэйнэры для сьмецьця, засталася жывая, цяпер яна знаходзіцца ў рэанімацыі. Маці знаходзіцца ў лякарні, у дачыненьні да яе плянуецца правядзеньне комплекснай псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызы.

Раней Генпракуратура заяўляла, што штогод адбываюцца 2-3 падобныя забойствы толькі народжаных дзяцей сваімі «матулямі». Каб змагацца з гэтым, шэраг заходніх краінаў укараняе так званыя бэбі-боксы — месцы, дзе можна ананімна пакінуць дзіця пасьля родаў. У Беларусі такой практыкі няма. Але няма і адказнасьці за адмову ад дзіцяці — толькі абавязак у такім выпадку кампэнсаваць дзяржаве затраты на яго ўтрыманьне.

За забойства маці нованароджанага дзіцяці ў Беларусі, паводле арт. 140 Крымінальнага кодэксу, пагражае абмежаваньне альбо пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 год; проста забойства караецца паводле ч. 1 арт. 139 пазбаўленьнем волі на 6-15 год, а забойства заведама малалетняга, састарэлага альбо бездапаможнага чалавека — паводле ч. 2 арт. 139 пазбаўленьнем волі на 8-12 год, пажыцьцёвым зьняволеньнем альбо сьмерцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG