У аўторак падчас сустрэчы з выбарнікамі прэзыдэнт ЗША Барак Абама рэзка раскрытыкаваў Дональда Трампа за яго публічныя заявы, у якіх ён выказваў захапленьне Ўладзімірам Пуціным.
Выступаючы на мітынгу ў падтрымку Гілары Клінтан, Барак Абама сказаў пра Дональда Трампа: «Толькі на мінулым тыдні ён зьявіўся на расейскім дзяржаўным тэлебачаньні, прынізіў нашы ўзброеныя сілы, каб выслужыцца перад Пуціным». Па словах прэзыдэнта Абамы, Рэспубліканская партыя ў мінулым выступала супраць аўтарытарызму, а цяпер яе кандыдат «усхваляе чалавека, называе яго моцным лідэрам, таму што той урываецца ў іншыя краіны, кідае ў турмы сваіх апанэнтаў, трымае пад кантролем прэсу і ўцягвае эканоміку ў працяглую рэцэсію».
Дональд Трамп зрабіў падчас прэзыдэнцкай кампаніі некалькі заяваў, у якіх ён супрацьпастаўляў Уладзіміра Пуціна як моцнага, паводле яго слоў, лідэра Барака Абамы, якога Трамп называе слабым лідэрам. Трамп адзначаў высокі ўзровень падтрымкі Пуціна расейцамі, над чым паіранізаваў у аўторак Барак Абама: «Гэта адбываецца, калі сродкі інфармацыі пад вашым кантролем, вы адбіраеце ў людзей грамадзянскія свабоды і саджаеце ў турмы дысыдэнтаў».
Расейскі фактар у апошні час стаў прыкметнай тэмай прэзыдэнцкай кампаніі ў ЗША. Гілары Клінтан спрабуе прыцягнуць увагу выбарнікаў да таго, што многія людзі з бліжэйшага акружэньня Трампа маюць сувязі ў расейскай эканамічнай і палітычнай верхавіне, а сам кандыдат з сымпатыяй адгукаецца пра Ўладзіміра Пуціна. «Немагчыма ўявіць, каб кандыдат у прэзыдэнты ЗША ўсхваляў расейскага аўтакрата падобнага Ўладзіміру Пуціну», — заявіла Клінтан на мінулым тыдні.