Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі заяўляюць, што на выбарчых участках улады запусьцілі «карусэлі»


Назіральнікі ад кампаніі «Права выбару» заяўляюць, што прынамсі на чатырох участках Каліноўскай 108-й выбарчай акругі ў Менску было зафіксавана выкарыстаньне «карусэляў» — калі групы людзей пераходзяць ад участку да ўчастку і незаконна на іх галасуюць.

Назіральнікі сфатаграфавалі на некалькіх участках адных і тых самых людзей, якія там галасавалі.

Назіральнік ад кампаніі «Права выбару» Арцём Лява зафіксаваў «карусэлі» на ўчастку № 607 Каліноўскай 108-й выбарчай акругі. Паводле яго, меркаваныя «карусэльнікі» паводзілі сябе падазрона: ішлі арганізавана вялікай групай і мэтанакіравана падыходзілі гутарыць са старшынёй камісіі.

«У першыя два дні на датэрміновым галасаваньні яўка была прыкладна 3—4 чалавекі ў гадзіну. Але потым, відаць, паступіла нейкая каманда зьверху, і ў пэўны час учора прыкладна за 1,5 гадзіны прайшло 50 зь нечым выбарнікаў. Фактычна ішлі адзін за адным, чакалі сваёй чаргі ў калідоры», — распавёў назіральнік Свабодзе.

Па-за межамі ўчастку Арцём Лява паспрабаваў пагаварыць і сфатаграфаваць меркаваных «карусэльнікаў», што «выклікала нэрвовую рэакцыю з боку старшыні выбарчай камісіі». «Калі я ўжо сфатаграфаваў старшыню выбарчай камісіі з гэтымі „карусэльнікамі“, у іх ня вытрымалі нэрвы і мяне паспрабавалі заблякаваць у будынку, трымалі дзьверы, патрабавалі, каб я выдаліў здымкі. Здымкі я ня выдаліў, але ўчастак пакінуў», — кажа ён.

На 108-й Каліноўскай акрузе балятуецца кандыдат у дэпутаты Юрась Губарэвіч. Ён лічыць, што бюлетэні ад «карусэльнікаў» ідуць на карысьць праўладнаму кандыдату і накручваюць яўку для камісіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG