Фільм амэрыканскай беларускі Вольгі Дземкі атрымаў галоўную прэмію Міжнароднага канадзкага кінафэстывалю «Творачасьць» (Canadian Creation International Film Festival) у намінацыі «Найлепшы поўнамэтражны дакумэнтальны фільм».
Стужка «Песьні старой Эўропы — старажытныя беларускія народныя песьні» распавядае пра зьнікаючыя культурныя традыцыі Беларусі. У фільме можна пабачыць кадры з экспэдыцый 1980-х i 1990-x і запісы сьпевакоў з адлеглых беларускіх вёсак на Палесьсі, інтэрвію з апошнімі носьбітамі ўнікальных традыцый, размовы з экспэртамі-гісторыкамі і этнографамі.
Воля Дземка з 2003 году жыве ў Сіэтле. Там у 2010 годзе скончыла Інстытут мастацтваў па спэцыяльнасьці «камэрцыйная фатаграфія», брала ўдзел у шэрагу конкурсаў і выставаў. Працавала прадзюсарам, рэжысэрам, асыстэнтам рэжысэра і апэратарам-пастаноўшчыкам кароткамэтражных фільмаў, рэклямных ролікаў і музычных кліпаў.
Міжнародны канадзкі кінафэстываль «Творчасьць» адрасаваны кінатворцам, якія здымаюць нізкабюджэтнае кіно. Узнагароды ўручаюцца ў 26 намінацыях. Журы конкурсу, раскіданае па ўсім сьвеце, прысуджае ўзнагароды чатыры разы на год. Уручэньне прэміі адбываецца ў тэатры ў Атаве.