Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь забараніла дронам лётаць над цэнтрам Менску, Менскім морам і тэрыторыяй над літоўскай АЭС


Міністэрства абароны ў пастанове, апублікаванай (PDF) 30 жніўня, пералічыла 22 месцы, забароненыя для выкарыстаньня авіямадэляў.

Згодна з ранейшым указам Лукашэнкі, авіямадэльлю лічыцца «лётны апарат без чалавека на борце, кіраваньне палётам якога магчымае толькі пры ўмове візуальнага кантакту зь ім, а таксама некіраваны лятальны апарат». Пад такое азначэньне зь невядомай прычыны не падпадаюць бесьпілётнікі, якімі можна кіраваць безь візуальнага кантакту, затое могуць падпасьці любыя лятучыя рэчы — хоць папяровыя самалёцікі.

Сярод забароненых аб’ектаў восем вайсковых частак, прадпрыемства «Гроднаазот», Музэй народнага побыту ў Белавескай пушчы, частка Бярэзінскага запаведніка на захад ад спусьцелай вёскі Цярэшкі, а таксама Астрашыцкі Гарадок пад Менскам (там прынамсі ў мінулым годзе вучыўся Мікалай Лукашэнка).

Таксама ў сьпісе «бяздронавых зонаў» палі між вёскамі Рудня, Вынішчы і Бабовічы пад Слуцкам, якія на спадарожнікавым здымку 2016 году выглядаюць пустымі.

У сьпісе зонаў аказалася і тэрыторыя іншай дзяржавы: каардынаты кропкі, вакол якой забароненыя палёты ў радыюсе 10 км, паказваюць на Ігналінскую АЭС у Літве. Толькі пэўная частка зоны трапляе на тэрыторыю Беларусі (вёску Дрысьвяты).

Цэнтар зоны радыюсам у 1 км (на загалоўным здымку) пазначаны ў двары дамоў насупраць Купалаўскага тэатру, у якую трапляе ўласна тэатар, рэзыдэнцыя Лукашэнкі, стадыён Дынама, КДБ, Чырвоны касьцёл, Кастрычніцкая плошча, амаль уся вуліца Карла Маркса, Траецкае прадмесьце, парк Купалы і амаль увесь Парк Горкага.

Акрамя зонаў ёсьць проста кропкі ў Менску, радыюс дзеяньня якіх не пазначаны: дарожныя разьвязкі ў Менску каля «Дрымлэнда» (недалёка — Палац Незалежнасьці), на скрыжаваньні МКАД і Ціміразева, мост каля спартовай базы «Алімпіец» на Менскім моры (каардынаты чамусьці пазначаныя двойчы як розныя аб’екты) і невялічкі востраў побач са Ждановічамі-1 (пусты на здымку 2016 году), кропка за царквой у Навінках і будынак у лесе каля Зацані (побач вайсковае мястэчка 137А).

Раней Саўміну было даручана дадаць адказнасьць за парушэньне парадку выкарыстаньня авіямадэляў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях, пастановы маюць зьявіцца неўзабаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG