Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежны дзярждоўг вырас на 847 мільёнаў даляраў. «Даўгі растуць, а эканоміка ідзе ўніз», — Багданкевіч


Зьнешні дзяржаўны доўг паводле стану на 1 жніўня 2016 году склаў 13,3 млрд даляраў ЗША, павялічыўшыся ад пачатку году на 847 мільёнаў даляраў ЗША (з улікам курсавых розьніц), альбо на 6,8%.

Пра гэта 31 жніўня паведаміла Міністэрства фінансаў Беларусі.

Дзяржаўны доўг Беларусі на 1 жніўня склаў 35,9 млрд рублёў і павялічыўся параўнальна з пачаткам 2016 году на 3 млрд рублёў, або на 9,3%.

Камэнтуючы гэтыя лічбы карэспандэнту Свабоды, былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч адзначыў, што даўгі растуць, а эканоміка ідзе ўніз, і гэта дрэнна.

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

«Жывём у доўг, спрабуем падтрымаць узровень жыцьця ў доўг. Спрабуем захаваць стратную, неэфэктыўную вытворчасьць. Спрабуем захаваць гэтую непрыдатную мадэль эканамічнага кіраваньня, не рэфармаваць глябальна эканоміку. Гэта ўсё вынік той эканамічнай палітыкі, якую праводзяць органы ўлады краіны. Мы пра гэта кажам ужо доўга, але наш уплыў на ўладу нулявы».

Паводле Багданкевіча, «нейкіх надзвычайных сытуацыяў чакаць ня варта, але будзе стагнацыя, павольнае пагаршэньне ўзроўню жыцьця, рост беспрацоўя».

«Сёньня беларускі рубель стабілізаваўся з-за таго, што эканоміка ў стагнацыі. Рэнтабэльнасьць падае, таму імпарт скарачаецца. Насельніцтва праядае і прадае праз абменьнікі свае зьберажэньні, таму штучна падтрымліваецца стабільнасьць валюты. А Нацбанк пакуль усё ж не павялічвае бяздумна рублёвую грашовую масу, спрабуе захоўваць пэўныя прапорцыі. Таму стабільнасьць валюты ў нас ні пра што ня кажа. Кажа проста, што ашчаджэньні скарачаюцца, што даўгі растуць. Гэта сьведчаньні гэтай часовай стабільнасьці. Але яна, безумоўна, ня будзе працяглай. Калі толькі грашовая рублёвая маса будзе павялічвацца ва ўмовах, калі падае вытворчасьць, то непазьбежна марудная дэвальвацыя нацыянальнай валюты.

У нас ёсьць глябальная праблема — гэта рост праблемных крэдытаў. То бок многія прадпрыемствы, якія раней атрымалі крэдыты, ня ў стане іх пагасіць. А паколькі крэдыты выдадзеныя за кошт у значнай ступені ўкладаў насельніцтва, то гэта можа прывесьці да праблемаў у банкаўскай сыстэме — зьніжэньня ліквіднасьці і праблемаў з выдачай наяўных грошай укладчыкам. Я думаю, што ўрад бачыць гэтыя праблемы. Проста чырванее, як паненка, і ніхто зь іх не заяўляе, што ў нас глыбокі крызіс. Яны кажуць — „часовыя цяжкасьці“. Што тут можна казаць?! Але гэтыя цяжкасьці ўсё павялічваюцца. Калі падаюць вытворчасьць, валавы прадукт, даходы, — гэта і ёсьць крызіс, які пакуль не прызнае ўлада».

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году Аляксандар Лукашэнка абяцаў скараціць замежны дзяржаўны доўг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG