Перад пачаткам паседжаньня праваабаронца Натальля Гарачка падышла да месца судзьдзі і паклала на стол улётку ў абарону Эдуарда Пальчыса. За гэта міліцыянты спрабавалі выдаліць яе з залі, тлумачачы, што гэта «парушэньне парадку ў выглядзе непавагі да суду».
Марына Казлова — імя судзьдзі, якая разглядае справу.
Усіх прысутных папрасілі перайсьці ў іншую залю, а Натальлю Гарачку затрымалі для праверкі дакумэнтаў. Яе не пусьцілі ў залю, дзе будзе праходзіць паседжаньне.
Жонка Эдуарда Пальчыса: Ня бачыла мужа са студзеня
У суд прыехала Вікторыя Пальчыс — жонка Эдуарда Пальчыса. Як Вікторыя распавяла Свабодзе, яна ня бачылася з мужам са студзеня, калі ён быў затрыманы ў Расеі. Яна камунікуе зь ім толькі празь ліставаньне.
«Спадзяюся, хоць на крымінальнай справе зь ім пабачуся», — сказала Вікторыя Пальчыс Свабодзе.
Адвакатка Ганна Бахціна, якая раней прадстаўляла інтарэсы Пальчыса, ня мае даверанасьці і ня можа быць адказьнікам па тэхнічных прычынах.
Абвінаваўца патрабуе закрытага судовага паседжаньня. Маўляў, агалошваньне заключэньня лінгвістычнай экспэртызы можа паўплываць на працэс.
Судзьдзя ўзяла паўзу, каб разгледзець зварот абвінаваўцы наконт вядзеньня закрытага паседжаньня.
Суд пагадзіўся на зварот Сьледчага камітэту, паседжаньне будзе працягвацца ў закрытым фармаце. Журналістаў папрасілі выйсьці з залі.
Адвакатка Бахціна: Прапануецца прызнаць матэрыялы сайту экстрэмісцкімі, але матэрыялаў сайту ў справе няма. Ёсьць толькі заключэньне экспэрта.
Паседжаньне працягваецца ў закрытым фармаце. У залі суду застаўся адвакат Яўген Маслаў, ён сёньня прадстаўляе інтарэсы Эдуарда Пальчыса.
Адвакатка Пальчыса: Эдуард чакае суду і чакае сёньняшняга рашэньня
Адвакатка Ганна Бахціна — адзіная, хто бачыўся з Эдуардам Пальчысам. Яна была ў яго ўчора. «У яго ўсё добра, ніхто не парушае ягоных правоў. Жывы здаровы, няма праблем. Настрой нармальны. Чакае суду, чакае сёньняшняга рашэньня», — сказала яна.
На паседжаньне, на якім павінны былі высьветліць, ці зьяўляюцца матэрыялы сайту Джона Сільвэра экстрэмісцкімі, быў запрошаны прадстаўнік Мінінфармацыі. Але нікога ад міністэрства не было.
Эдуард Пальчыс пісаў два хадайніцтвы у суд, каб справу разглядалі зь яго ўдзелам. Хадайніцтвы былі адхіленыя.
Амаль дзьве гадзіны працягваецца паседжаньне па справе экстрымісцкіх матэрыялаў на сайце 1863x.com. Адвакатка Ганна Бахціна і жонка Эдуарда Пальчыса Вікторыя чакаюць выніку каля дзьвярэй залі.
Паседжаньне скончылася. Адвакат, жонка Эдуарда Пальчыса і журналісты чакаюць рашэньня судзьдзі.
Прысуд вынесены. 9 артыкулаў былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Суд зыходзіў з высноў заключэньня экспэртызы.
Адвакатка Ганна Бахціна зьбіраецца абскарджваць рашэньне суду.