Тацяна Тоўсьцік, адна з арганізатараў праекту «Інфарматыка. Кампутарныя навукі», расказала Свабодзе, хто гатовы вучыцца на беларускай мове, чым адрозьніваецца мысьленьне жыхароў беларускай сталіцы і жыхароў беларускай глыбінкі, а таксама — што чакае беларускую мову без вышэйшай адукацыі.
Веданьне беларускай мовы — прыкмета адукаванасьці беларуса
«Арганізатары навучаньня — рупліўцы беларушчыны. Мы гаворым па-беларуску, нашы дзеці гавораць па-беларуску, аддаём іх у беларускамоўныя школы: гэтак разьвіваем мову беларусаў і адукацыю на ёй. Наагул, калі расейскамоўны беларус пачынае вывучаць беларускую мову — гэта прыкмета ягонай адукаванасьці», — адказала на пытаньне, чаму навучаньне зрабілі на беларускай мове, Тацяна Тоўсьцік.
«Той, хто да нас паступае, ведае пра беларускамоўнае навучаньне. Маладыя людзі бачаць абвесткі, праглядаюць наш беларускамоўны сайт. Задаюць пытаньні пра беларускую мову ды высьвятляюць, што канкрэтна выкладаецца на ёй. Абітурыенты загадзя вырашаюць, ці варта ім паступаць да нас і вывучаць прадмет на беларускай мове. Некаторых зусім не хвалюе мова выкладаньня. Ёсьць, вядома, экстрэмалы, якія заяўляюць, што ім брыдка ад беларускай мовы. Такіх, праўда, адзінкі. Большасьць нашых навучэнцаў сканчалі расейскамоўныя школы, але яны за беларускую мову».
Жанчына адзначае, што праект паўстаў, бо ў Беларусі няма беларускамоўных вышэйшых навучальных установаў.
Без вышэйшай адукацыі беларуская мова ня выжыве
Арганізатары праекту «Інфарматыка. Кампутарныя навукі» лічаць: такая сытуацыя выклікае ў беларускага насельніцтва зьняважлівае стаўленьне да беларускай мовы і беларускай навуковай думкі. Да таго ж, заўважаюць яны, гістарычна назапашаныя беларускім народам веды, у тым ліку і моўныя, не запатрабаваныя і не адлюстраваныя ў сыстэме навуковага мысьленьня беларусаў.
Мы губляем сваю спадчыну. Без стварэньня беларускамоўнага ўнівэрсытэту беларуская мова зьнікне як няразьвітая і не запатрабаваная ў сучасным сьвеце.
«Мы губляем сваю спадчыну. Без стварэньня беларускамоўнага ўнівэрсытэту беларуская мова зьнікне як няразьвітая і не запатрабаваная ў сучасным сьвеце», — кажуць арганізатары праекту.
У аб’яднаньні «Інстытут матэматыкі і кібэрнэтыкі» перакананыя, што ў Беларусі ёсьць навукоўцы і выкладчыкі, каб стварыць беларускамоўны ўнівэрсытэт.
Стаўленьне да беларускай мовы ў беларусаў — вельмі эмацыйнае, адзначае Тацяна Тоўсьцік. Калі беларуская мова камусьці не падабаецца, то з гэтым нічога не паробіш.
Таго, хто цураецца беларушчыны, беларускай мове не навучыш
«Ня будзе такі чалавек вучыцца па-беларуску, — кажа яна. — Некаторым усё роўна, на якой мове спасьцігаць веды, бо ні беларускай, ні расейскай матэматычнай тэрміналёгіі, як у нашым выпадку, яны ня ведаюць».
Паводле Тацяны Тоўсьцік, сярод навучэнцаў «Інстытуту» толькі адзінкі — з усходу Беларусі, большасьць — жыхары Менску і заходніх рэгіёнаў краіны.
На жаль, у культуры многіх беларусаў няма ўстаноўкі пралічваць наперад: што будзе, калі вывучыцца, як будзе складацца кар’ера. Пакуль жа пануе стаўленьне, як у тых хлопцаў з Гомеля. Яны думаюць: навошта ім вучыцца, калі і так добра плацяць?
«З Магілёва вучыцца толькі адзін хлопец. Вучыліся некалькі хлопцаў з Гомеля, але яны сышлі ад нас. Паехалі ў Расею на заробкі. Там ім больш плацяць, — кажа суразмоўніца. — На жаль, у культуры многіх беларусаў няма ўстаноўкі пралічваць наперад: што будзе, калі вывучыцца, як будзе складацца кар’ера. Пакуль жа пануе стаўленьне, як у тых хлопцаў з Гомеля. Яны думаюць: навошта ім вучыцца, калі і так добра плацяць? Яны не дапускаюць думкі, што сёньня плацяць, а заўтра — не».
Тым ня менш у Магілёве абвесткі пра набор на праграму «Інфарматыка. Кампутарныя навукі» расклееныя.
Беларускамоўнае навучаньне ў школе вымагае самаарганізацыі бацькоў
На просьбу пракамэнтаваць сытуацыю з заняпадам у Магілёве беларускага школьніцтва Тацяна Тоўсьцік адказала: у абласным цэнтры замала беларускай інтэлігенцыі.
«У Магілёве, як і ў маім родным Гомелі, расейскамоўная большасьць ставіцца да беларускамоўных людзей як да дзівакоў. У Менску, да прыкладу, я ня ведаю ўсіх беларускамоўных, а ў сваім Гомелі ведаю. Такая невялікая беларускамоўная грамада».
Беларускамоўнае навучаньне ў Менску, удакладняе суразмоўніца, вымагае самаарганізацыі бацькоў. Там, дзе бацькоўскай самаарганізацыі няма, школы і дзіцячыя садкоўскія групы часткова беларускамоўныя — ня ўсе настаўнікі і выхавацелі прытрымліваюцца моўнага рэжыму.
Тацяна Тоўсьцік запэўнівае, што ўсё неабходнае для арганізацыі навучальнага працэсу ў іхнім праекце ёсьць.
«Беларускія падручнікі і дапаможнікі даўно распрацаваныя, як і сама тэрміналёгія, — кажа яна. — У нас добрыя выкладчыкі з шматгадовым досьведам працы. З гэтым праблемаў няма. Сёлета адвучыўся трэці выпуск бакаляўраў».
«Калі казаць наагул пра беларускамоўныя падручнікі па матэматыцы, то па іх жа вучаць у беларускіх школах, — дадае суразмоўніца. — Настаўнікам вясковых школ, якія самі зь вёсак, нават прасьцей выкладаць матэматыку на беларускай мове. Я сама пэўны час выкладала ў вясковай школе і хадзіла на ўрокі матэматыкі, каб упэўніцца, ці вучаць дзетак па-беларуску. Вучаць!».
Матэматыка па-беларуску — ня дзіва
У тым, што матэматычныя і кампутарныя дысцыпліны выкладаюцца па-беларуску, запэўнівае Тацяна Тоўсьцік, нічога дзіўнага няма. Яна настойвае, што гэтыя галіны навучаньня былі самымі беларусізаванымі на пачатку 1990-х гадоў. Аднак пасьля наплыву навучэнцаў зь Сярэдняй Азіі выкладаньне матэматычных дысцыплінаў па-беларуску пачалі згортваць.
Паводле Тацяны Тоўсьцік, форма навучаньня, прадугледжаная праектам, — дыстанцыйна-завочная. Ёсьць тут і беларускія асаблівасьці.
«Штогод мы вырашаем, як яе спалучыць зь іншымі формамі, бо дыстанцыйная слаба арганізуе навучэнца. Сёлета вырашылі, што нашы студэнты будуць раз на тыдзень зьбірацца на курсы», — кажа яна.
Большасьць студэнтаў, якія займаюцца на курсах, — ад 23 да 35 год.
Беларуская вышэйшая адукацыя не разьвіваецца
Беларускі праграміст, адвучыўшыся чатыры гады паводле праекту «Інстытута матэматыкі і кібэрнэтыкі», атрымае ўкраінскі дзяржаўны дыплём. «Інстытут» супрацоўнічае з унівэрсытэтам у Роўне.
У Беларусі вышэйшая адукацыя на аснове эўрапейскіх і амэрыканскіх прынцыпаў дэмакратыі і навукі не разьвіваецца, кажуць арганізатары праекту. Таму даводзіцца шукаць кантакты з замежнымі ўнівэрсытэтамі.
Супрацоўнічаць з украінскімі ВНУ вельмі зручна, кажуць у аб’яднаньні «Інстытут матэматыкі і кібэрнэтыкі». Там дазваляецца вучыцца не за бюджэтныя сродкі на любой мове, а заканадаўства ў сфэры адукацыі прыведзена да заходніх стандартаў. Украінскія ВНУ далучаныя да навуковых праграмаў ЭЗ як асацыяваныя сябры, а кошты адукацыі ў іх такія самыя, як у Беларусі.
На сайце праекту «Інфарматыка. Кампутарныя навукі» гаворыцца: пасьля навучаньня ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі студэнт атрымлівае кваліфікацыю бакаляўра або магістра кампутарных навук і інфармацыйных тэхналёгіяў, што адпавядае амэрыканскаму ці брытанскаму Bachelor of Computer Science, Master in Computer Science. Заходнія кампаніі, калі шукаюць працаўнікоў-праграмістаў, пазначаюць гэтую кваліфікацыю. У Беларусі ёй адпавядае «праграміст», «інфарматык». На Захадзе такой кваліфікацыі няма. Таму заходнім фірмам часта незразумела, што чалавек умее і на каго вучыўся.