Арнольд Руйтэль быў прэзыдэнтам Эстоніі з 2001 па 2006 гады. Падчас яго прэзыдэнцтва Эстонія стала сябрам Эўрапейскага Зьвязу і НАТА. Арнольд Руйтэль быў старшынём Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету Эстонскай ССР (1983-1990) і адыграў ключавую ролю ў падрыхтоўцы Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, прынятай Вярхоўным Саветам 16 лістапада 1988 году, якая стала першай дэклярацыяй аб сувэрэнітэце ў СССР. Быў старшынём Вярхоўнага Савету ЭССР (1990 −1992), 8 траўня 1990 года парлямэнт пад яго кіраўніцтвам абвясьціў аднаўленьне незалежнасьці Эстоніі. Арнодьд Руйтэль расказвае, як ён, тагачасны старшыня эстонскага парлямэнту, праз некалькі дзён пасьля путчу 1991 году выехаў у Маскву...
Інтэрвію было запісана ў жніўні 2015 году.
Ганна Соўсь: А вы памятаеце дзень 20 жніўня 1991 году і ваш візыт у Расею пасьля путчу?
Арнольд Руйтэль: Гэта быў сапраўды запамінальны дзень. Найперш мне адразу далажылі аб тым, што пачаўся путч. Каля шостай раніцы мяне папярэдзілі, што я магу быць арыштаваны. Я сказаў, што пайду на працу, што мы склічам Вярхоўны савет і заявім, што не падпарадкоўваемся патрабаваньням путчу. Што мы і зрабілі. На тэрыторыю Эстоніі сталі прыбываць у аўтобусах дадатковыя сілы. У той час тут знаходзіліся сур’ёзныя падразьдзяленьні савецкай арміі. Была небясьпека, што нас арыштуюць. Была інфармацыя, што больш за сто чалавек, спэцыяльнае падразьдзяленьне захопу, прыбылі для гэтага ў Эстонію. Але нягледзячы на гэта ўвечары 20 жніўня мы прынялі сваё рашэньне. Мы ведалі, што ў Маскве ў гэты час пачалося ўзброенае супрацьстаяньне. Сувязь з кіраўніцтвам у Маскве падтрымлівалася. І мы абвясьцілі аднаўленьне незалежнасьці. Путч праваліўся, і стала актуальным пытаньне тэрмінова аднавіць і юрыдычныя правы Эстоніі. Я адразу ж паехаў у Маскву. Ужо на другі дзень. Адразу папрасіў аб сустрэчы з Ельцыным, прэзыдэнтам Расеі. Тады ён быў на пахаваньні трох маладых людзей. Як толькі ён адтуль вярнуўся, то адразу ж прыняў мяне ў сваім кабінэце. Будынак, дзе зьбіраліся дэпутаты, быў абстраляны. Я сустрэўся зь ім і распавёў пра просьбу. Ён адразу ж пагадзіўся і цалкам ухваліў аднаўленьне незалежнасьці Эстоніі. «Расея гэта ўхваліць», сказаў. Адразу пасьля гэтай сустрэчы я настаяў на іншай — з тагачасным кіраўніком КДБ. Ён прыняў мяне недзе ў 23:30. Прыехаў за мной на аўто і адвёз у галоўны будынак КДБ. Дзесьці паўтары гадзіны мы мелі кантакты. Я настойваў, каб мне перадалі справы КДБ, зьвязаныя з Эстоніяй, а таксама зброю і сродкі выведкі. Апошняе адразу перадалі. Але сказалі, што справы не аддадуць. Я запярэчыў, спытаў чаму? Ён адказаў, што, па-першае, мы — маленькі народ, і гэта можа выклікаць ўнутрыдзяржаўныя канфлікты, а па-другое, сярод нас шмат тых, хто зьвязаны з КДБ. Таму выдача дакумэнтаў нерэальная. Тады мне прыйшлося з гэтым пагадзіцца. Нейкія дакумэнты мы, вядома, атрымалі, але ня ўсе. Такімі былі першыя дні. Я наведаў у Маскве дыпляматычныя прадстаўніцтвы і амбасады найперш буйных краінаў. Тэлефанавалі, і ўжо праз паўтары гадзіны нас былі гатовыя прыняць. Прыйшлося два дні бегаць па амбасадах, каб заручыцца іх падтрымкай для аднаўленьня незалежнасьці Эстоніі. Праз некалькі дзён пасьля вяртаньня ў Талін сюды сталі прыбываць першыя дэлегацыі. Праз два-тры месяцы больш за 70 краінаў прызналі незалежнасьць Эстоніі. Гэта былі запамінальныя дні.
Дадаў бы сюды яшчэ адзін момант, які запомніўся. Пасьля падпісаньня ўсіх працэдурных дакумэнтаў і перадачы грамат Ельцын паклікаў мяне на плошчу да народа. Ён выступаў там і я быў разам зь ім. Мы стаялі на пастамэнце. Народ ахоўваў яго шчытамі. А мы былі побач з ім напагатове на выпадак пачатку баёў. Але, там, вядома ж, стаялі людзі, якія яго падтрымлівалі. Вялізны натоўп. Потым яшчэ пайшлі зь ім у народ, пагутарылі з людзьмі...