Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лагвінца не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты 


Алесь Лагвінец сказаў Свабодзе, што, магчыма, ён падасьць скаргу на рашэньне акруговай камісіі ў гарадзкую выбарчую камісію і гарадзкі суд. Другі варыянт — актыўны, з назіраньнем, байкот выбараў у Сухараўскай акрузе.

Намесьніку старшыні руху «За свабоду» Алесю Лагвінцу, які зьбіраўся балятавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня, адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам.

Пра гэта палітык паведаміў Свабодзе:

«Выбарчая камісія па Сухараўскай акрузе № 101, дзе я зьбіраў подпісы, заявіла, што я маю два папярэджаньні. Першае — за тое, што я нібыта раздаваў улёткі, хоць насамрэч я раздаваў візытоўкі. Другое папярэджаньне мне аформілі як подкуп выбарцаў. Маўляў, я ўзнагароджваў людзей, якія за мяне расьпісваліся ў падпісным лісьце. Уся ўзнагарода заключалася ў тым, што я даваў тым, хто падыходзіў да майго пікету, асобнік „Народнай Волі“. Грошы зь іх за газэту я ня браў. Уяўляеце, які гэта „дарагі“ падарунак?!»

Алесь Лагвінец сказаў Свабодзе, што, магчыма, ён падасьць скаргу на рашэньне акруговай камісіі ў гарадзкую выбарчую камісію і гарадзкі суд:

«Другі варыянт дзеяньняў — правесьці актыўны, з назіраньнем, байкот выбараў у Сухараўскай акрузе. У нас ёсьць добры досьвед байкоту на мінулых выбарах у 2012 годзе. Тады выбарчая акруга была крыху ў іншых межах, але той байкот быў даволі пасьпяховы. Тады ўладам давялося ўжываць „карусэль“ ды іншыя падобныя рэчы, якія парушаюць заканадаўства».

Акрамя Алеся Лагвінца, акруговая камісія адмовіла ў рэгістрацыі і старшыні таварыства ўласьнікаў «Сухараўскія ўзгоркі» Андрэю Волкаву.

Барацьбу за дэпутацкі мандат у акрузе працягнуць тры асобы. Гэта дырэктар сярэдняй школы № 56, сябра Камуністычнай партыі Юры Круглік; намесьнік дырэктара Партызанскага фізкультурна-аздараўляльнага цэнтру, сябра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Аляксандар Саўчанка; а таксама дырэктарка гімназіі № 31 беспартыйная Ганна Старавойтава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG