Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прытула пра апошнюю размову з Шараметам: «Разрываць на кавалкі можна ня толькі бомбай»


Сузаснавальніца «Ўкраінскай праўды» Алена Прытула ўпершыню выказалася публічна пасьля забойства Паўла Шарамета.

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Алена Прытула падзякавала ўсім, хто выказаў ёй спачуваньне з нагоды гібелі Паўла Шарамета: «Я хачу стаць на калені перад кожным з вас — калі б ня ваша падтрымка, я б не змагла ўсё гэта перанесьці. Кожнае ваша слова надавала мне сілы, кожнае ваша смс дапамагала проста трымаць галаву прама, не аддавацца адчаю».

Таксама, Алена Прытула распавяла пра апошнюю размову з Паўлам Шараметам:

«Выказвайце свае пачуцьці. Ужывайце словы для любові, але не для нянавісьці. У апошні наш вечар мы наварочвалі кругі з Пашам, зьбіраючы запаветныя 10 тысяч крокаў. Перад гэтым ён прачытаў пост Сяргея Іванова, які напісаў чарговую гадасьць пра мяне. Пашы было вельмі балюча... Мы казалі пра тое, што ў некаторых людзей ёсьць пакліканьне — прыносіць іншым людзям боль. У той момант мы ня ведалі, што ёсьць яшчэ і іншыя людзі, якія ўжо выношвалі плян ягонага забойства».

«Я сьвядома стаўлю знак роўнасьці паміж тымі, хто яго падарваў, і тымі, хто ў апошні вечар атруціў ягонае жыцьцё, — піша Алена Прытула. — Так нельга. Трэба пакласьці канец гэтаму цкаваньню і нянавісьці ў фэйсбуку. Гэтае забойства словам. І вінаватыя ня толькі тыя, хто піша ўсё гэта. Разрываць на кавалкі можна ня толькі бомбай. Больш вінаватыя тыя, хто праплачвае гэтую нянавісьць».

«Я ўпэўнена, што сьледчыя знойдуць забойцаў. Але давайце самі не забіваць адзін аднаго» — завяршае свой допіс Алена Прытула.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG