Упершыню ў Беларусі ствараецца парк мініятурных старажытных замкаў. Як з дапамогай 3-D тэхналёгій аднавіць помнікі архітэктуры эпохі ВКЛ? Госьцем перадачы — старшыня фонду «Краіна замкаў», ініцыятар праекту Алесь Варыкіш.
— Алесь, што падштурхнула вас да стварэньня такога парку?
Паўставала лягічнае пытаньне: чаму ў нашых суседзяў такіх паркаў шмат, а ў нас няма ніводнага?
— Падобныя паркі мініятураў ёсьць амаль у кожнай краіне. Напрыклад, у Польшчы нават у кожным рэгіёне. І калі я бываў на такіх аб’ектах, то паўставала лягічнае пытаньне: чаму ў нашых суседзяў такіх паркаў шмат, а ў нас няма ніводнага? Хіба мы горшыя за палякаў? Паступова ідэя высьпявала, і нарэшце прыйшоў час рэалізацыі. Наш парк будзе знаходзіцца за 5 км ад Гальшанскана замку, каля вёскі Родзевічы ў Ашмянскім раёне, на тэрыторыі аграсядзібы «Шляхецкая ваколіца». Я зьяўляюся яе ўласьнікам, таму мне прасьцей на сваім участку ўсё разьмясьціць. Там ужо насыпаныя адмысловыя ўзвышшы, дзе мусяць стаяць гатычныя замкі ВКЛ. Мы прынялі такое рашэньне, што ня будзем абмяжоўвацца межамі сучаснай Беларусі, а возьмем гістарычны кантэкст. Таму апрача такіх замкаў, як Наваградзкі, Гарадзенскі, Лідзкі, Крэўскі, у нашым парку будуць яшчэ і Віленскі, Медніцкі, Троцкі... Копіі будуць у суадносінах 1:25 — гэта стандартны маштаб, які выкарыстоўваецца ў падобных парках. Напрыклад, вежы Мірскага замка будуць вышынёй прыкладна 1,4 м, ад кута да кута будзе каля 3 м.
— Пры такой вышыні кожны наведнік адчуе сябе Гулівэрам.
— Абсалютна так гэта і будзе выглядаць.
— Растлумачце, як з дапамогай кампутара можна атрымаць аб’ёмную копію помніка архітэктуры?
— Насамрэч гэта зусім нескладана. Для сучаснага 3-D прынтэра гэта самая простая задача. Цяпер ужо выліваюць дэталі для некаторых прыбораў, машынаў, мэдыцынскага абсталяваньня, нават дамы ўжо льюць на 3-D прынтэры. Тэхналёгія вельмі простая — плястык выплаўляецца пры тэмпэратуры 250о С, і тая 3-D мадэль, якую вы маеце ў кампутары, атрымліваецца ў плястыку.
— Каб зрабіць замак, дастаткова назьбіраць плястыкавых бутэлек?
— Не. Плястык мае быць адмысловы. Канкрэтна для ліцьця мініятураў падыходзіць ABS-плястык, больш-менш устойлівы да зьнешніх уплываў — тэмпэратурны рэжым, ападкі атмасфэрныя і г.д. Гэта такая ж тэхналёгія, як выраб аўтамабільных бампэраў. Там таксама выкарыстоўваецца ABS-плястык.
— Ад Наваградзкага замка засталася адна кутняя вежа, ёсьць розныя вэрсіі, як ён выглядаў у старажытнасьці. А якім ён паўстане ў вашым парку?
Госьці прыедуць і зразумеюць, які гэта быў велічны край, бо мы маем за сьпіной 1000-гадовую цывілізацыю.
— Маеце рацыю, мы ня ведаем, як некаторыя замкі выглядалі ўвогуле. Напрыклад, Гальшанскі. Існуе чатыры ці пяць вэрсій, як ён мог выглядаць. Таму частка нашых мадэляў шмат у якой ступені інтэрпрэтацыі — як тыя замкі маглі выглядаць. Наша мэта — стварыць парк мініятураў, месца для адпачынку, а не для навуковых дасьледаваньняў. Госьці прыедуць і зразумеюць, які гэта быў велічны край, бо мы маем за сьпіной 1000-гадовую цывілізацыю. Гэта для нас галоўнае.
— Зразумела, што парк абыдзецца вам у немалую капейчыну. Вы маеце фундатараў ці разьлічваеце на свае сілы?
— Так, сродкаў патрэбна шмат. Напрыклад, земляныя работы, якія праводзіліся на ўчастку дзесяць дзён, каштавалі нам 62 мільёны недэнамінаваных рублёў. Праца архітэктара, 3-D мадэлера таксама нятанныя, плюс матэрыялы, фарбы, абсталяваньне. Кошт 3-D друкаркі ўвогуле вагаецца ад 50 мільёнаў рублёў да дзясяткаў тысячаў даляраў. А трэба ж тэрыторыю абгарадзіць — паўтара км плоту, а тэхніка, рабочыя... Праект часткова фінансуецца Эўразьвязам. Астатняе мы мусім фінансаваць самі, а гэта немалыя сродкі. Таму мы зьбіраем ахвяраваньні на краўдфандынгавай пляцоўцы www.talaka.by, спадзяёмся на падтрымку грамадзкасьці. Паводле нашага пляну, да канца кастрычніка мы мусім выліць 10 аб’ектаў невялікага памеру: замкі ў Любчы і Крэве, цэрквы-замкі ў Мураванцы і Сынкавічах. А ўжо вялікія замкі — Віленскі, Наваградзкі, Троцкі — будуць адлівацца зімой.
— Беларусь у афіцыйных СМІ на ўсе лады рэклямуецца як турыстычная краіна. Ваш парк якраз мог бы прыцягваць увагу турыстаў. Ці дапамагае вам дзяржава?
— Наш праект рэалізуецца на тэрыторыі Ашмянскага раёну. З боку раённай адміністрацыі мы маем спрыяньне на ўсіх узроўнях — ад кіраўніка райвыканкаму да старшыні сельсавету. Тэхніку мы наймаем на ашмянскім прадпрыемстве. Таксама прыемна адзначыць, што да нас прыяжджаюць валянтэры. Першая група была зусім нядаўна — моладзь з пратэстанцкай царквы ў Менску. Яны так самааддана працавалі, што за дзень вывезьлі дзевяць машынаў з каменьнем! Зрабілі такі аб’ём, які мая брыгада рабіла за два-тры дні. Плюс ім было цікава, што ўвечары было вогнішча, ля якога можна было пагутарыць, пасьпяваць. Мы ім зладзілі экскурсію па ваколіцах. Такім чынам, і ім было добра, і для нас карысна.
— У Беларусі працяглы час дзейнічае дзяржаўная праграма «Замкі Беларусі». Як вы ацэньваеце яе вынікі?
— Тут я сябе адчуваю трохі не ў сваёй талерцы, бо я не навуковец, не экспэрт, не архітэктар, а папулярызатар. Але, прызнацца, рэканструяваная вежа ў Наваградку мне не падабаецца. Калі ж узяць такія турыстычныя аб’екты, як Мір і Нясьвіж, калі ўлічыць прыток турыстаў, паслугі і г.д., то для Беларусі гэта ня самы горшы варыянт.
— Ваш парк разьмесьціцца паміж двума славутымі замкамі — Крэўскім і Гальшанскім. Абодва яны ляжаць у руінах. Калі б іх аднавіць хоць часткова, то і вам была б карысьць.
Крэва і Гальшаны — на сёньня самыя балявыя кропкі ў Беларусі, яны абодва працягваюць разбурацца.
— Так, Крэва і Гальшаны — на сёньня самыя балявыя кропкі ў Беларусі, яны абодва працягваюць разбурацца. Існуе вельмі цікавы праект аднаўленьня Гальшанскага замку, ён ужо прайшоў экспэртызу. Згодна зь ім, кутняя вежа адбудоўваецца цалкам, там мае быць міні-музэй, а два карпусы, якія стаяць у руінах, кансэрвуюцца з дапамогай канструкцый з мэталу і шкла, якія проста накрываюць увесь аб’ём. Плюс цікавы ляндшафт, і месца стане прывабным для турыстаў. Я вельмі спадзяюся, што наш парк будзе нейкім пасылам для дзяржавы, каб нарэшце вырашыць праблему з Гальшанскім замкам. Гэта проста пытаньне волі і фінансаваньня.
— Чаму для свайго парку вы абралі менавіта Ашмяншчыну?
— Родам я з Валожыншчыны. Проста ў Ашмянскім раёне маю сядзібу, дзе разьвіваю агратурызм. Я ўжо прыкіпеў душою да гэтае зямлі, мяне там усе сабакі ведаюць і палова катоў. Празь месяц, 27 жніўня, мы робім прэзэнтацыю нашага праекту для турыстаў. Мы проста раскажам пра парк, пакажам ужо зробленае. А генэральнае адкрыцьцё, спадзяюся, адбудзецца ў канцы траўня — пачатку чэрвеня наступнага году.