Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дайце людзям свабоду, і яны самі ўпарадкуюць горад». Магілёўцы адказалі Лукашэнку, чаму ў Магілёве няма лоску


На плошчы Славы, перад Ратушай, Лукашэнку расказвалі, якім Магілёў стане прыгожым ды ўтульным
На плошчы Славы, перад Ратушай, Лукашэнку расказвалі, якім Магілёў стане прыгожым ды ўтульным

У Магілёве няма лоску, гармоніі, добраўпарадкаваньня і зручнасьці для людзей. Пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў абласны цэнтар. Паводле кіраўніка дзяржавы, ва ўсіх астатніх абласных цэнтрах наведзены парадак і створаная ўтульнасьць, а Магілёў, на ягоную думку, адстае па гэтых пазыцыях.

Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня магілёўскага завода «Строммашына». 22 ліпеня 2016 году
Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня магілёўскага завода «Строммашына». 22 ліпеня 2016 году

Як успрынялі выказваньні Аляксандра Лукашэнкі магілёўцы, ці пагадзіліся зь ім?

«Які раз, прыяжджаючы да нас, ён заяўляе, што наш горад ня самы чысты і ўпарадкаваны. Ягоныя словы пустыя. Ён жа ня робіць нічога, каб горад выглядаў інакш. Паколькі няма ў горада рэсурсаў, то асабліва нічога і ня робіцца. Калі ўзяць гарадзкія ўскрайкі, то сапраўды яны неўпарадкаваныя, а цэнтар добра зроблены. Нам падабаецца», — адрэагавалі на словы Лукашэнкі маладыя людзі на пешаходнай вуліцы Ленінскай.

«Гэта гледзячы з чым параўноўваць: як я зь вёскі, дык мне ў горадзе камфортна і лоску хапае», — далучаецца да гутаркі жанчына сталага веку.

«Мая вёска недалёка ад гораду, і там зусім заняпад, — працягвае кабета. — Там ні дарог, ні ходнікаў, ні крамаў добрых. Два кіёскі паставілі. Харчоў няма дзе набыць, дык у горад даводзіцца езьдзіць. Цырульню, праўда, адкрылі».

«Мы, відаць, з Лукашэнкам спрачацца ня будзем», — адказалі журналісту двое дзяўчатак. Адна зь іх прыехала ў Магілёў зь Менску.

«Прыяжджаючы час ад часу ў Магілёў, я бачу, што ён становіцца больш камфортным, — выказалася госьця Магілёва. — Мост нарэшце ўзяліся рамантаваць, а то па ім страшна было езьдзіць. Патроху наводзіцца парадак. Нельга адназначна заяўляць, што горад такі ўжо Богам забыты».

«Мы збольшага згодныя з кіраўніком дзяржавы», — працягнулі гутарку хлопцы, перанятыя на плошчы Зорак. — Горад не разьвіваецца. Ён нібы спыніўся. Каб актывізаваць ягонае разьвіцьцё, трэба даць людзям больш свабоды, і тады яны самі ўпарадкуюць сваё жыцьцё і жыцьцё гораду«.

Пэрспэктыва Магілёўскага росквіту ў карцінках
Пэрспэктыва Магілёўскага росквіту ў карцінках

«Гораду не хапае сквэраў. Мне 61 год, і я памятаю, якімі ўпарадкаванымі былі ў горадзе сквэры. Было мноства дрэваў, стаялі лаўкі. А цяпер як зломіцца дрэва, то на ягоным месцы не пасадзяць новае, а пакладуць плітку», — выказвае сваё меркаваньне жанчына, якая пагаджаецца са словамі кіраўніка дзяржавы. — Я ўжо маўчу пра недакуркі, непрыбраныя сьметніцы. Пра культуру гараджан. Пра шматлікія казіно і забаўляльныя цэнтры. Вакол іх заўжды людзі ўвечары нападпітку. І ўлада павінна пра гэта клапаціцца...«

«Дзе нашы цяперашнія камсамольцы? Чаму ад іх няма ініцыятываў? Можна было сабраць бясплатную працоўную сілу, прыйшлі б старыя, тыя ж камсамольцы, няхай з-пад палкі. Галоўнае ўсё арганізаваць», — робіць выснову жыхарка Магілёва.

«Паколькі Лукашэнка выхадзец з далёка не гарадзкой мясцовасьці, якая не магла пахваліцца лоскам, бо яго папросту там не было, то ў кіраўніка дзяржавы сваё разуменьне таго, як мусіць выглядаць горад. І атачэньне ў прэзыдэнта такое ж і з такім жа меркаваньнем. Яны нават думку выказаць ня могуць. Баяцца ўсяго», — раздражнёна рэагуе на словы кіраўніка дзяржавы жыхарка Магілёва.

Пабачыў Лукашэнка ў Магілёве самую вялікую будоўлю: рамонт моста. Пабачыўшы Дняпро, кіраўнік дзяржавы назваў рэчку — пярлінай гораду
Пабачыў Лукашэнка ў Магілёве самую вялікую будоўлю: рамонт моста. Пабачыўшы Дняпро, кіраўнік дзяржавы назваў рэчку — пярлінай гораду

«У горада няма грошай. Прадпрыемствы стаяць. На тыя рэсурсы, якія ёсьць, будуюць усё таннае. Які можа быць лоск? — не сунімаецца суразмоўніца. — Глядзіце, прыехаў вялікі начальнік, пашыхтаваць мясцовую ўладу, папантаваўся, нібы ва ўсім разьбіраецца, а ў Магілёве, паводле яго, няведама, што дзеецца: лоску няма — домікі яму не спадабаліся, хаця і яны прыгожыя. Уражаньне ад візыту Лукашэнкі, што ён прыехаў, каб зьняважыць Магілёў».

Кіраўнік дзяржавы выказаў спадзяваньне, што цягам пяцігодкі Магілёў прывядуць у «ідэальны стан». «Дзякуй Богу, у гарадзкім бюджэце зьявіўся які-ніякі прафіцыт», — падае словы кіраўніка дзяржавы Белта.

Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з працоўным калектывам ААТ "Магілёўліфтмаш", 22 ліпеня 2016 году
Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з працоўным калектывам ААТ "Магілёўліфтмаш", 22 ліпеня 2016 году

У Магілёве Аляксандар Лукашэнка наведаў шэраг мясцовых прадпрыемстваў. Знаходзячыся на акцыянэрным таварыстве «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудаваньня», кіраўнік дзяржавы выказаўся наконт працоўных месцаў у Беларусі.

«Галоўны мой клопат — каб людзі былі занятыя, але з адной толькі ўмовай: калі яны хочуць працаваць. Для тых, хто жадае працаваць, я гатовы рабіць усё, каб яны знайшлі сваё працоўнае месца. І такіх працоўных месцаў і ўмоваў для стварэньня працоўных месцаў сёньня дастаткова», — адзначыў Лукашэнка.

Завод «Ліфтмаш». На гэтым прадпрыемстве Лукашэнка сустракаўся з працоўным калектывам. Пад’езды да заводу ахоўвалі супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным з рацыямі
Завод «Ліфтмаш». На гэтым прадпрыемстве Лукашэнка сустракаўся з працоўным калектывам. Пад’езды да заводу ахоўвалі супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным з рацыямі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG