Сьледчыя працуюць у кругласутачным рэжыме. Асноўная вэрсія гібелі журналіста — яго прафэсійная дзейнасьць. Такія вынікі працы апэратыўнай групы па стане на вечар пятніцы 22 ліпеня.
У якасьці асноўнай вэрсіі гібелі Паўла Шарамета група разглядае яго прафэсійную дзейнасьць, таксама разглядаюцца і іншыя вэрсіі злачынства.
У ходзе сьледзтва праваахоўнікі ўжо канфіскавалі і працягваюць канфіскоўваць відэа з камэр назіраньня і рэгістратараў аўтамабіляў каля дому забітага журналіста. Таксама зьбіраюцца відэа-кадры, зьнятыя камэрамі паблізу месца выбуху.
Відэа, якое было апублікавана ў Інтэрнэце, разглядаецца ў якасьці рэчавага доказу. Апэратыўная група высьвятляе асобы людзей з гэтага відэа, а таксама мяркуе, што яны могуць быць датычныя да выбуху.
У той жа час праваахоўнікі падкрэсьліваюць, што публікацыя падобнай інфармацыі «ў пагоні за сэнсацыяй» можа сур’ёзна адкінуць сьледзтва назад.
«Мы заклікаем журналістаў прадстаўляць наяўныя ў іх матэрыялы сьледчым, тым самым спрыяючы раскрыцьцю гэтага рэзананснага злачынства», — заявілі ў Нацыянальнай паліцыі.