Як перадае «Беларускі партызан» са спасылкай на тэлеканал ТСН, афіцыянт аднаго з рэстаранаў на скрыжаваньні вуліц Хмяльніцкага і Франка падбег да машыны пасьля выбуху. Ён пабачыў, што журналіст яшчэ жывы. Яго ногі былі моцна сьціснутыя ў аўто. Калі яго забрала хуткая, стала вядома пра сьмерць.
У эфіры тэлеканала NewsOne іншы відавочца распавёў, што ехаў на сваім аўто, калі выбухнула машына Шарамета. Аўто, у якім быў журналіст, спынілася на скрыжаваньні і ў тую ж сэкунду выбухнула. Пасьля выбуху ён спыніўся і выйшаў з машыны. Паводле слоў відавочцы, на месца здарэньня празь пяць хвілін прыехалі адразу тры машыны хуткай дапамогі.
Іншыя людзі, якія бачылі здарэньне, казалі, быццам бы выбухнуў газ і асьцерагаліся паўторнага выбуху.
Відавочцы эвакуявалі Шарамета з машыны да прыезду хуткай. (Асцярожна, жорсткае відэа, 18+)
Здарэньне адбылося сёньня каля 07:45 у Кіеве. Павел Шарамет быў за стырном аўто, якое належала кіраўніку выданьня «Украінская праўда» Алене Прытуле. Яе самой у машыне не было.
Украінскія праваахоўнікі кваліфікавалі інцыдэнт як забойства.