Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пагражае «рашучымі дзеяньнямі» ў адказ на адхіленьне ад Алімпіяды каманды весьляроў


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Сёньня кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэту і Міністэрства спорту і турызму вызначацца наконт контразахадаў да Міжнароднай фэдэрацыі каноэ (ICF).

Напярэдадні беларускі бок атрымаў паведамленьне аб тым, што выканаўчы камітэт Міжнароднай фэдэрацыі каноэ (ICF) адхіляе ад спаборніцтваў тэрмінам на адзін год мужчынскую каманду Беларусі ў веславаньні на байдарках і каноэ, уключна з трэнэрамі, мэдычным пэрсаналам і групай абслугоўваньня. Такім чынам сем спартоўцаў, якія заваявалі алімпійскія ліцэнзіі, ня змогуць выступіць на Алімпійскіх гульнях у Рыё-дэ-Жанэйра.

Падставай да такога рашэньня стаў візыт паліцыі сёлета ў красавіку ў лягер беларускай каманды ў францускім горадзе Ля Тампль-сюр-Лё, дзе адбываўся трэніровачны збор перад Алімпіядай. Ператрус быў ініцыяваны антыдопінгавым агенцтвам Парыжу і дазволены пракурорам гораду Ажэн — апэратыўнікі шукалі забаронены прэпарат мэльдоній.

Нягледзячы на тое, што ніякага кампрамату знайсьці не ўдалося, праз тры месяцы пасьля паліцэйскай інспэкцыі было прынятае рашэньне адхіліць на час дадатковага сьледзтва мужчынскую каманду ад стартаў.

З гэтай прычыны Нацыянальны алімпійскі камітэт ды Міністэрства спорту і турызму выступілі з афіцыйнай заявай, у якой, у прыватнасьці, гаворыцца:

«Рашэньне выканкаму ICF абсалютна нічым не абгрунтаванае і вынесена на падставе надуманых прычынаў. Ніводнаму з чальцоў нацыянальнай каманды да гэтага часу не прад’яўлена ніякіх абвінавачаньняў, пасяджэньняў суда не праходзіла, віна спартоўцаў і трэнэраў ня вызначаная, прынцып прэзумпцыі невінаватасьці груба парушаны».

У сумеснай заяве ведамстваў зьвяртаецца ўвага, што сябры выканкаму ICF сьвядома зацягвалі вынясеньне вэрдыкту, ведаючы, што тэрмін афіцыйнай заяўкі для ўдзелу ў Алімпіядзе-2016 заканчваецца 18 ліпеня, адпаведна, часу на абскарджаньне і абарону законных інтарэсаў спартоўцаў практычна не застаецца. Тым ня меней, сфармаваны неабходны пакет доказаў, у тым ліку і пэрсанальна ад асобы кожнага са спартоўцаў. Гэтаксама беларускі бок падрыхтаваў афіцыйны зварот у спартыўны арбітражны суд у Лязане, які павінен паступіць туды сёньня раніцай.

«Мэтады, якія выкарыстоўваюцца напярэдадні Алімпіяды на адхіленьне вядучых спартоўцаў ад барацьбы за ўзнагароды, выклікаюць зьдзіўленьне, — гаворыцца ў адкрытым лісьце галоўных спартовых структураў Беларусі. — За імі праглядаецца невыкананьне прынцыпаў сумленнай барацьбы, лабіраваньне асабістых інтарэсаў і карупцыйны складнік у падыходзе да асобных камандаў. У гэтай сувязі Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі праводзіць перамовы і кансультацыі з кіраўніцтвам і сябрамі Міжнароднага алімпійскага камітэту».

Беларускі бок заяўляе, што пакідае за забой права на «самыя рашучыя дзеяньні» ў сувязі з заплянаваным на канец ліпеня ў Менску чэмпіянатам сьвету ў веславаньні на байдарках і каноэ сярод юніёраў і моладзі.

Тым часам на прапанову беларускіх алімпійскіх чэмпіёнаў і прызёраў розных гадоў распачаты збор подпісаў на адрас прэзыдэнта Міжнароднага алімпійскага камітэту Томаса Баха ў падтрымку мужчынскай зборнай Беларусі ў веславаньні на байдарках і каноэ.

Пікантнасьць сытуацыі палягае ў тым, што літаральна за некалькі дзён да агучанага рашэньня ICF падчас урачыстых провадаў з удзелам спартовай дэлегацыі на летнія Гульні-2016 капітанам беларускай каманды быў абраны вясьляр Аляксандар Багдановіч — чэмпіён Алімпіяды-2008 у Пэкіне і срэбны прызёр Алімпіяды-2012 у Лёндане.

З прычыны становішча, у якое трапілі беларускія весьляры і на якіх ускладаліся асноўныя мэдалёвыя спадзяваньні беларусаў, сёньня ў Менску заплянаваная прэс-канфэрэнцыя з удзелам кіраўнікоў НАК і Мінспорту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG