У 986 годзе ісьляндзкі місіянэр Торвальд Вандроўнік заснаваў хрысьціянскую царкву ў Полацку. Толькі праз два гады пасьля гэтага кіеўскі князь Уладзімер Вялікі хрысьціў Русь. І хоць Торвальд не прызнаны ніводнай канфэсіяй як першахрысьціцель, у апошнія гады на Віцебшчыне ягоны культ пашыраецца. А сёлета мы маглі б адзначаць 1030-я ўгодкі хросту беларускіх земляў.
Як Торвальда Вандроўніка ўшаноўваюць у касьцёлах, цэрквах і нават пабах, высьветліла Свабода.
Расоны: Для кананізацыі не павінна быць ніякіх перашкодаў
Коратка гісторыя пра Торвальда гучыць так. Ісьляндзец Торвальд Кодрансан быў ваяром, служыў у караля Даніі. У Ірляндыі ён пазнаёміўся з хрысьціянствам і кінуў ваяваць. Падаўся ў Саксонію, дзе прыняў хрост ад біскупа Фрыдрыка. Разам зь ім ён спрабаваў хрысьціянізаваць Ісьляндыю.
Мясцовыя паганцы, аднак, выгналі прапаведнікаў, і Торвальд з Фрыдрыкам рушылі ў Канстантынопаль. Сам імпэратар Васіль ІІ накіраваў ісьляндца да «рускіх князёў». У 986 годзе Торвальд прыплыў у Полацак і пабудаваў тут царкву сьвятога Яна Прадвесьніка. Пасьля 1002 году ён памёр. Быў пахаваны каля царквы. Мясцовыя людзі лічылі яго сьвятым.
Гісторыя Торвальда вядомая з трох скандынаўскіх сагаў: «Сагі аб хросьце», «Сагі аб Олаве Тругвасане» і «Кнігі з Плоскага вострава».
У Беларусі асабліва часта пра ісьляндзкага місіянэра сталі згадваць у канцы 1980-х. Айцец Вячаслаў Барок, пробашч касьцёлаў Сьвятога Язафата Кунцэвіча ў Расонах і Сьвятога Антонія Падуанскага ў Віцебску, даведаўся пра Торвальда акурат са школьных урокаў гісторыі. У канцы 1980-х — пачатку 1990-х, калі ён вучыўся ў старэйшых клясах, гісторыю ў школе ў Мёрах выкладаў Вітольд Ермалёнак.
«Гэта быў той час, калі на ўроках па гісторыі Беларусі можна было чытаць Ластоўскага, Ігнатоўскага, — расказаў айцец Вячаслаў Свабодзе. — Ужо тады нам казалі пра неадназначнасьць нашай гісторыі. І згадвалася, што хрысьціянства прыходзіла на Беларусь ня толькі з Усходу, але і з Захаду».
Потым пра Торвальда Вандроўніка студэнтам гарадзенскай найвышэйшай духоўнай сэмінарыі, дзе вучыўся Барок, распавядаў гісторык Янка Трацяк.
З 2000 году айцец Вячаслаў Барок будаваў касьцёл у Расонах, што за 50 км на поўнач ад Полацку. Разам з мастаком Уладзімерам Кандрусевічам, які аздабляў новы касьцёл, яны вырашылі адну з фрэсак прысьвяціць прыбыцьцю Торвальда Вандроўніка ў Полацак і хросту палачанаў.
«Самі Расоны з Торвальдам не павязаныя, — кажа Барок. — Але гэта гістарычная Полаччына».
Торвальд Вандроўнік не прызнаны сьвятым у рыма-каталіцкім касьцёле. А таму іконаў і малітваў аб ягоным заступніцтве таксама няма. Але айцец Вячаслаў лічыць, што статус ісьляндзкага місіянэра яшчэ можа зьмяніцца.
«Пакуль не ўздымалася пытаньне пра кананізацыю Торвальда Вандроўніка, — кажа ксёндз. — Але, я думаю, гэта магчыма. Калі ў праваслаўнай царкве кананізаваны Ўладзімер, чаму б не кананізаваць і Торвальда Вандроўніка? Не павінна быць ніякіх перашкодаў».
Полацак: Гэта хрысьціцель Полаччыны і беларускіх земляў
У Полацку, дзе Торвальд Вандроўнік жыў і памёр, ягоную ролю ў хросьце беларускіх земляў лічаць бясспрэчнай.
«Ён успрымаецца як хрысьціцель Полаччыны і нашых земляў», — расказаў Свабодзе айцец Аляксандар Шаўцоў, настаяцель грэка-каталіцкай царквы ў Полацку.
Па словах сьвятара, папярэдні настаяцель нават замаўляў ікону Торвальда Вандроўніка. Пакуль яе няма, але гэта справа часу, лічыць Шаўцоў.
Торвальд прыбыў у Полацак яшчэ да падзелу хрысьціянскай царквы на праваслаўе і каталіцызм. Уніяты асабліва зьвяртаюць увагу на гэты факт. Маўляў, царква ў Беларусі была адзіная ня толькі пасьля Берасьцейскай уніі, але ад самага пачатку.
«Гэта кажа пра тое, што ўніяты — не выпадковыя ў Беларусі. Берасьцейская унія невыпадковая», — кажа Шаўцоў.
Каб увекавечыць знакавую для Полацку асобу, мясцовыя жыхары хацелі ўсталяваць крыж на месцы былой царквы і магілы Торвальда Вандроўніка. Аднак Алесь Аркуш, полацкі пісьменьнік, мяркуе, што пакуль зарана ўсталёўваць такі крыж, бо праваслаўныя выступяць супраць яго.
«Хоць сама сьвятая Эўфрасіньня Полацкая — з роду Рагвалодавічаў, а Рагвалод — з варагаў, — расказаў Аркуш. — Для іх гэта крамольная тэма, бо яна супярэчыць расейскай дактрыне пра тое, адкуль пайшла царква».
На думку Аркуша, прызнаньне Торвальда Вандроўніка дадало б праўды пра тое, адкуль паходзіць Полацак, што за людзі стваралі гэтую дзяржаву, будавалі тут першыя цэрквы.
«Гэтага ня трэба баяцца. Паціху трэба выходзіць з маскоўскага дыскурсу. Торвальд — наша гісторыя. Ён наш сьвяты, і мы павінны яго ўшаноўваць: і праваслаўныя, і каталікі».
Ёсьць адзінае месца, дзе Торвальд мог быць пахаваны
Самае галоўнае, што зьвязана з Торвальдам у Полацку, — месца, дзе ён жыў. У сагах сказана, што Торвальд пасяліўся на востраве ў Полацку, заснаваў там царкву сьвятога Яна Прадвесьніка. Каля гэтай жа царквы ён і быў пахаваны.
«Калі ён памёр на Полаччыне, яго і павінны былі пахаваць каля царквы, — упэўнены Аркуш. — Бо гэта агульнахрысьціянская традыцыя. Сьвятароў хавалі ля тых бажніц, дзе яны служылі».
Цікава, што побач з Сафійскім саборам у гістарычнай частцы Полацку знаходзіцца ўзвышша, якое называецца Востраў. Ужо з полацкіх граматаў вядома, што акурат на гэтым Востраве ў 14 ст. існавала царква, якая таксама называлася ў гонар Сьвятога Яна Прадвесьніка.
Грунтоўных археалягічных раскопак, каб пацьвердзіць гэтую тэорыю, на Востраве дагэтуль не рабілі — толькі шурфавыя павярхоўныя працы.
«Узгорак на Востраве адзін, дзе тэарэтычна павінна была быць царква, — кажа Аркуш. — І там жа павінен быць пахаваны Торвальд».
Па словах пісьменьніка, Востраў не аднойчы залівала вялікая паводка. І толькі адна ўзвышаная частка заўжды заставалася некранутая.
«Іншага месца для пабудовы храму не было», — кажа Аркуш.
Акрамя Полацку, зрэшты, адна з сагаў падае месцам пахаваньня Торвальда «высокую гару ў Дрофне». Некаторыя дасьледчыкі зьвязваюць гэтую назву з ракой Друцьцю або Друяй.
«Але цяжка ўявіць, каб ён пабудаваў хрысьціянскую царкву ў глыбіні паганскіх абшараў», — кажа Аркуш.
Віцебск: Торвальд — нябесны патрон для нашага пабу
Нечаканае ўвасабленьне Торвальда Вандроўніка зьявілася сёлета ў Віцебску. Новы ірляндзкі паб у гістарычным цэнтры атрымаў назву «Торвальд».
Як высьветліла Свабода, віцебскі паб названы акурат у гонар хрысьціцеля Полацку.
«Мы шукалі нешта, што будзе зьвязваць Ірляндыю і Беларусь, — расказаў Свабодзе Віталь Броўка, гаспадар пабу. — Узьнікла думка пра Торвальда».
Торвальд насамрэч мае дачыненьне да Ірляндыі. Ісьляндзкі вікінг, у Ірляндыі ён упершыню пазнаёміўся з хрысьціянствам. Менавіта адтуль ён рушыў у Саксонію, дзе прыняў хрост.
«Ён прынёс сьвятло зь Ірляндыі ў Беларусі, — кажа Броўка. — Ён нябесны патрон нашага пабу».
Постаць патрона пабу Броўку прапанаваў ягоны сябар Раман Воранаў. Гісторык па адукацыі, ён расказаў пра Торвальда Вандроўніка, зь якога, мабыць, і пачаліся ірляндзка-беларускія стасункі.
«Калі вывучаеш гісторыю Беларусі, трапляеш на гэтае імя, — кажа Воранаў. — Я пра яго ведаў яшчэ са школьных часоў, калі рыхтаваўся да паступленьня ва ўнівэрсытэт і паглыблена вывучаў гісторыю».
У віцебскім пабе, кажа Броўка, сталыя наведнікі ведаюць, хто такі Торвальд Вандроўнік. А неўзабаве на двух будынках побач з пабам зьявіцца «сучасная фрэска» з выявай Торвальда.
«Віцебск знаны сваімі мастакамі і графіцістамі, — кажа Броўка. — Цяпер мы абмяркоўваем, якую менавіта выяву выбраць».
Торвальд павінен быць сьвятым і для каталікоў, і для праваслаўных, і для ўніятаў
Пакуль ушанаваньне Торвальда Вандроўніка — ініцыятыва толькі прыватная. 1030-ю гадавіну хросту Полацку сёлета афіцыйна ніхто не адзначае.
У той жа час і Беларуская праваслаўная царква, і Рыма-каталіцкі касьцёл у Беларусі ўключаюць постаць Торвальда Вандроўніка ў гісторыю хрысьціянізацыі нашых земляў.
На афіцыйным сайце БПЦ напісана наступнае:
«Згодна з „Сагай аб хросьце“, каля 1000 году Полацак наведаў вараскі місіянэр Торвальд Кодрансан, выхадзец з Ісьляндыі, які дагэтуль пабываў у Ерусаліме і які заснаваў недалёка ад Полацка манастыр Сьв. Яна Прадвесьніка».
Гэтая ж гісторыя выкладзеная і на афіцыйным сайце Рыма-каталіцкага касьцёла ў Беларусі:
«Існуе нават меркаваньне гісторыкаў аб хросьце Полацку ў 986 г. нарманам Торвальдам па мянушцы Вандроўнік (гэта значыць яшчэ да афіцыйнага хросту Русі па ўсходнім абрадзе кіеўскім князем Уладзімерам у 988 годзе)», — напісана на сайце.
Менавіта праз Торвальда Вандроўніка царква і касьцёл у Беларусі маглі б знайсьці паразуменьне, упэўнены Алесь Аркуш.
«Торвальд — прыдатная фігура для экумэнічнага руху, для яднаньня хрысьціянаў, — лічыць ён. — Як Эўфрасіньню Полацкую прызнаюць і праваслаўныя, і каталікі, і грэка-каталікі, так і Торвальд павінен быць сьвятым для ўсіх».