Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе беларускага на «Славянскім базары»?


Сымболіка сёлетняга фэстывалю
Сымболіка сёлетняга фэстывалю

Нацыянальнага беларускага калярыту на «Славянскім базары» амаль не адчуваецца. Гэта стала такой самай неад’емнай прыкметай фэстывалю апошніх гадоў, як, прыкладам, прымусовы распаўсюд квіткоў на прадпрыемствах. Або памкненьне арганізатараў запрасіць для выступаў тых самых «зорак расейскай эстрады», якія прыяжджаюць сюды штогод.

Галоўная канцэртная пляцоўка, дзе перад канцэртамі міліцыя абшуквае гледачоў
Галоўная канцэртная пляцоўка, дзе перад канцэртамі міліцыя абшуквае гледачоў

Нягледзячы на тое, што поўная назва фэстывалю «Славянскі базар у Віцебску», ён мог бы называцца «Славянскім базарам у Смаленску», ці ў Пскове, ці ў любым абласным цэнтры эўрапейскай часткі Расеі. Бо надта дробныя, «пунктавыя» зьявы беларускага культурніцкага жыцьця амаль непрыкметныя на тле пераважна расейскай фэстывальнай праграмы. Што да прысутнасьці нацыянальных культур іншых краін, то і яна мінімальная. Хоць «базар» і называецца «славянскім», амаль усё на ім — па-расейску: візуальная рэкляма, пераважная большасьць афіш, якія разьмешчаны ў цэнтры Віцебску, а таксама праграма фэстывальных мерапрыемстваў — што паводле формы, што паводле зьместу.

Афіша
Афіша

Ужо даўно арганізатары скасавалі «дні» Украіны, Беларусі і Расеі, якія ў мінулыя гады былі адзначаны канцэртамі выканаўцаў гэтых краінаў ды іншымі імпрэзамі. Сёлета на 25-м па ліку фэстывалі будзе «Дзень моладзі» — па большай частцы з праектаў, падрыхтаваных БРСМ, і канцэрт «Саюзная дзяржава запрашае» — на выступ Акадэмічнага тэатру песьні і скокаў расейскага войска імя Аляксандрава... Што да імпрэзаў, адзначаных беларускім калярытам, то іх трэба шукаць у праграме «Славянскага базару» дужа пільна, каб заўважыць. У гэтым кароткім пераліку — выступ Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестру Беларусі імя Жыновіча і канцэртная праграма з твораў Уладзімера Мулявіна, якія пройдуць 17 ліпеня ў абласной філярмоніі, прэзэнтацыі выставаў сярэднявечных аздобаў, твораў жывапісу Івана Хруцкага і фатавыставы «Спадчына Беларусі», спэктаклі віцебскага тэатру «Лялька» на роднай мове.

З Пастаўскага раёну на «Славянскі базар прывезьлі нават СССР
З Пастаўскага раёну на «Славянскі базар прывезьлі нават СССР

Ды яшчэ ёсьць спадзеў убачыць і набыць традыцыйныя вырабы беларускіх народных майстроў і рамесьнікаў на «Задзьвінскім кірмашы». Дарэчы, мясцовы прадпрымальнік Уладзімер Рамановіч ужо другі год запар ладзіць там шапік «Беларускі куток», дзе прадаецца адзеньне з арнамэнтам і «Пагоняй», а таксама ювэлірныя вырабы, канцтавары і сувэніры «бел-чырвона-белай тэматыкі». Такіх не сустрэнеш у іншых крамах сярод сувэнірнай прадукцыі, ужо выстаўленай у крамных вітрынах з разьлікам на замежных турыстаў.

Вітына віцебскай кнігарні
Вітына віцебскай кнігарні

«Беларускі куток» на «Славянскім базары ў Віцебску» пачне працаваць ад сёньняшняга дня. Гэтаксама 12 ліпеня ў Летнім амфітэатры адбудуцца і першыя канцэрты — хоць афіцыйнае адкрыцьцё фэстывалю толькі пасьлязаўтра.

Сёньня ў Віцебску выступіць з сольным канцэртам расейскі сьпявак Сяргей Лазараў — удзельнік сёлетняга конкурсу «Эўрабачаньне» ад Расеі. Раней на «Славянскім базары» была завядзёнка запрашаць для выступу пераможцаў гэтага конкурсу, аднак яна перарвалася два гады таму: у 2014 годзе ў Віцебск ня сталі запрашаць Канчыту Вурст, а сёлета запрашэньня не атрымала ўкраінская сьпявачка Джамала. Ёсьць меркаваньне, што арганізатары адмовіліся ад гэтай ідэі, баючыся палітычных акцый праўкраінскага або антырасейскага зьместу.

Апошнія прыхарошваньні перад першымі канцэртамі
Апошнія прыхарошваньні перад першымі канцэртамі

Гасьцей Віцебску заўжды ўражваюць клюмбы каля Летняга амфітэатру
Гасьцей Віцебску заўжды ўражваюць клюмбы каля Летняга амфітэатру

Квіткі на сёньняшні канцэрт расейскага сьпевака Сяргея Лазарава каштуюць ад 25 да 52 дэнамінаваных рублёў. Гэта сярэдні кошт квіткоў на канцэрты. А самыя дарагія — на адкрыцьцё «Славянскага базару ў Віцебску», якое адбудзецца 14 ліпеня. За рэдкімі выключэньнямі, на адкрыцьцё прыяжджае Аляксандар Лукашэнка, і ў Віцебску жартуюць, што ён — «самы дарагі» ўдзельнік фэстывалю. Каб убачыць адкрыцьцё ў Летнім амфітэатры, ахвотным трэба заплаціць амаль 2 мільёны «старымі грашыма» (195 дэнамінаваных рублёў) — гэта найвышэйшы кошт за фэстывальныя квіткі. Зрэшты, за ўласныя грошы на канцэрты «Славянскага базару» ходзіць добра калі палова гледачоў: квіткі «прымусова-добраахвотна» распаўсюджваюць па прадпрыемствах, каб потым рапартаваць пра запатрабаванасьць і папулярнасьць канцэртаў.

Вось такія кошты
Вось такія кошты

Значна большую цікаўнасьць у віцяблянаў і гасьцей выклікаюць іншыя праекты. Тэатральны, або выставы ў віцебскіх музэях, а таксама вулічны гандаль сувэнірамі і творамі жывапісу і ўвогуле ўсе імпрэзы, якія не вымагаюць прысутнасьці на платных канцэртах, арыентаваных на фанатаў расейскіх «зорак». Сёлета адной з самых папулярных імпрэзаў, верагодна, стане «Паэтычны маратон «1000 вершаў пра Віцебск» — выступы аўтараў са сваімі вершамі, прысьвечанымі гораду, які «пасяліў» у сябе «Славянскі базар».

Віцебск перадфэстывальны
Віцебск перадфэстывальны

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG