Востраў-волат, які называюць Ду, разьлёгся ў Асьвейскім возеры і займае амаль 5 квадратных кілямэтраў. Да 70-х гадоў тут была вёска на 65 двароў, зьяднаных у калгас «Азёрны». Падплываючы да берагоў, гэтага ня скажаш, бо прыкметы жыцьцядзейнасьці людзей адсутнічаюць. Засталіся толькі шулы ды слупы ад былой фэрмы буйной рагатай жывёлы. Мы не заўважылі б іх, калі б не рука Ігара Раманюка, дырэктара заказьніка. Ён кіраваў катэрам і ўказваў на цікавыя месцы, вартыя ўвагі.
На хвалях паўночнай пэрлінкі
Хоць ад вострава да мацерыковага гарадзкога паселішча Асьвеі каля 4 кілямэтраў, нацянькі мы не паплылі, а скарысталіся воднымі сьцежкамі другога па велічыні возера ў Беларусі.
Маршрут вядомы толькі спадару Ігару, і мы цалкам яму давяраем. Паплылі паўзь бераг, каб пабачыць усе прасторы з воднымі птушкамі. Птаства на возеры і праўда незьлічоная колькасьць. Сталі сьведкамі агромністага лебядзінага статку, які супрацоўнік асьвейскага заказьніка падлічыць мог толькі ў дзесяцікратны бінокаль. Вясной і восеньню, падчас пералётаў, на Асьвеі спыняюцца 18 відаў птушак.
Калі глядзець на возера ў імжу, то не відаць берагоў — як на праўдзівым моры.
«На камешку як на моры. На камешку, на зялёным. На прымежку, на зялёным. А на прымежку... Там дзевачкі сад садзілі, вінаградам гарадзілі...» — сьпяваюць сваю мантру бабулі Верхнядзьвінскага раёну. Гэтую песьню, як ні дзіўна, я знайшла ў Кантакце. Называецца яна «Як на моры на камешку».
«На прымежку» — значыць «пры мяжы, на беразе мора», — патлумачыла сэнс Алена Ляшкевіч, сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Таксама этноляг расказала, што песень з узгадкай мора шмат па ўсёй Беларусі: «У іх мора выступае сынонімам вялікай вады, паводкі. І міталягічна — першаснай вады, што была пры стварэньні сьвету».
Возера называюць «паўночнай пэрлінай». Яна ўтварылася на месцы адступленьня ледавіка 10 тысяч год таму. Аднак, з тых часоў плошча возера значна зьменшылася, часткова ператварыўшыся ў багну.
«Возера неглыбокае — толькі каля 2 мэтраў. Хоць на рыбалавецкай мапе адна яміна мае глыбіню 8,8 м», — расказаў спадар Ігар, заглушаючы матор катэра, каб зьняць зь яго багавіньне.
Неўзабаве наблізіліся да Гаспадара — так мясцовыя называюць плавучы востраў-прывід. Расказваюць, што ў 80-я гады ён падплыў да берагу пасёлку Асьвея. Тады людзі хадзілі на яго па дровы, пакуль падлеткі не падпалілі Гаспадара.
На Востраве Сьвятла
Такой маўклівай адзіноты і гонару, зь якім узвышаюцца марэнныя ўзгоркі востраву, мне яшчэ не даводзілася бачыць у Беларусі. Цёмныя і сьветлыя берагі аблізваюць хвалі чысьцюткай вады, што зьзяе срэбрам на сонцы. Дыхаецца лёгка.
Востраў — унікальная бязьлюдная мясьціна, цяпер ужо тэрыторыя заказьніка. Тут цякуць крынічкі, каналы, ёсьць азярцо і нават балотца з журавінамі. Толькі зуброў бракуе! Па словах Ігара Раманюка, яны могуць жыць на востраве. Адзінае пытаньне — іх дастаўка на востраў. Яшчэ адна туташняя адметнасьць — расьліна кізільнік чарнаплодны.
«Яго насеньне, напэўна, прынесьлі птушкі на сваіх лапках. Бо кізільнік сустракаецца ў Альпах ды іншых гарах Еўропы», — расказаў дырэктар заказьніка.
Па мясцовых паданьнях, на востраве быў манастыр. Але яго фундамэнту не знайшлі, а раскопкі не праводзіліся. Можа быць, пабудову, калі яна сапраўды існавала, напаткаў такі ж трагічны лёс, як і асьвейскі касьцёл місіянэраў у 1937 годзе. Бальшавікі ўзарвалі храм, а сьцены расьцягнулі трактарам. Кнігі ды абразы спалілі на вогнішчы. Мясцовыя расказваюць, нібыта крыўдзіцелі, скачучы каля агню, ператварыліся ў чарцей з рагамі і капытамі.
Хоць сьвятым востраў можа і ня быць, аднак нездарма яго называюць Востравам Сьвятла. Калі стаіш на ўзгорку і сузіраеш квітнеючую белым колерам далячынь, што перагукваецца з глыбінёю блакітнага неба і срэбным пералівам азёрных хваляў, становісься невытлумачальна шчасьлівым, і сам напаўняесься сьвятлом.
«Дзікі» турызм
Летам на востраве можна купацца на бялюткім ды чыстым пляжы. Галоўнае — даплыць да яго. Для асьвейцаў гэта малы клопат — шмат у каго ёсьць лодкі. А турысты могуць скарыстацца воднай экскурсіяй і пабачыць на свае вочы тыя ж некранутыя прасторы востраву, што і мы. Хоць мясцовасьць уваходзіць у склад заказьніка, на востраве, у адпаведных месцах, можна начаваць у палатках і разводзіць вогнішча. Такі адпачынак у цішы прыроды — добрая альтэрнатыва сьпякотным гарадзкім выходным.
Востраў Ду — гэта мясьціна, у якой кожны можа адчуць сябе Сталкерам, як у фільме Андрэя Таркоўскага. Тут можна ісьці да жаданай кропкі кароткім шляхам, а можна пратаптаць доўгія сьцежкі. Хадзілі прыкладна 40 хвілін. Перш разам, утраіх. Пасьля, асьмялеўшы, разьядналіся, але ўсё роўна пільнавалі адзін аднаго з узгоркаў.
Пасьпелі паласавацца сьпелымі суніцамі. Кусьцікаў вельмі шмат, хопіць каб пад’есьці. Адзінае, іх трэба знайсьці ў высокай траве. Дзікая расьліннасьць сапраўды ўражвае, дзе-нідзе нават вышэйшая, чым па пояс.
З жывёлы пабачылі лісяня. Яно падглядвала за намі — то зьнікала, то зноўку зьяўлялася. Паводле расказаў дырэктара заказьніка, на востраве водзяцца ласі ды казулі. Спадар Ігар прыпомніў дзіка, якога заўважылі, калі той пераплываў возера ў самым шырокім месцы, а гэта блізка сем мэтраў.
На востраве ёсьць і свой унікальны геаграфічны пункт — узгорак Піліпаўка, зь якога няўзброеным вокам можна назіраць суседнія краіны: Латвію, Літву ды Расею.
Астраўляне
Пра людзей, якія жылі тут калісьці, могуць расказаць хіба што могілкі. Фотаздымкі некаторых надмагільляў паказаў мне Ігар Раманюк. Вельмі цікавыя каваныя крыжы. Паводле словаў нэкрапалісткі Вольгі Сямашкі, зрабіць крыж на камні — вялікае майстэрства. Такі тып пахаваньня характэрны для ХІХ — першай паловы ХХ стагодзьдзя.
«Можна дапусьціць, што крыж выкананы нашмат раней за ўсталяваньне самога каменнага помніка ў 30-х гадах 20 стагодзьдзя. Зорачка на надмагільлі ўказвае на прыналежнасьць да бальшавіцкага племя, а крыж — да хрысьціянскага. Незвычайнае спалучэньне на той час для гарадзкой культуры. Але ў вёсцы, відавочна, прайшло», — пракамэнтавала спадарыня Воля.
Асьвейскі палац
Акрамя загадкавага вострава таксама варта паглядзець у Асьвеі на руіны самага прыгожага палаца ва ўсёй Рэчы Паспалітай, пабудаванага Гільзэнамі ў стылі клясыцызму ў XVIII стагодзьдзі.
Ад пяці карпусоў засталося толькі некалькі сьценаў, а да бальшавіцкай рэвалюцыі палац налічваў столькі вокнаў, колькі дзён у годзе, залаў — паводле колькасьці тыдняў у годзе, а ўваходаў — паводле колькасьці месяцаў у годзе. І 4 уваходы былі галоўнымі — паводле колькасьці кірункаў сьвету. Такая няпростая каляндарная задума была рэалізавана архітэктарамі пры будаўніцтве.
Побач з палацам — парк Шадурскага. Цяпер і ён у заняпадзе. Не цякуць каналы і пазасыхалі сажалкі, не відаць прыгожых мастоў. Аднак, пад шатамі магутных дрэў можна схавацца ад сьпёкі. На адной з палянак можна пашукаць 12 лістоўніц, якія выконвалі функцыі сонечнага гадзіньніку.
Марына Яўсейчык для Радыё Свабода