Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штраф за акцыю ў падтрымку Эдуарда Пальчыса — 10,5 мільёна рублёў


Антон Жылка на пікеце каля «Валадаркі» (другі справа)
Антон Жылка на пікеце каля «Валадаркі» (другі справа)

У Маскоўскім судзе Менску завочна прысудзілі да штрафу ў 50 базавых велічынь сябра АГП Антона Жылку.

Актывіста прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай вулічнай акцыі — пікеце салідарнасьці зь вязьнем «Валадаркі» Эдуардам Пальчысам, які адбыўся 9 чэрвеня на вуліцы Валадарскага ў Менску.

«На суд не хадзіў, бо гэта такая рутына, і няма чаго там рабіць, усё зразумела. А за Эдуарда Пальчыса будзем працягваць змагацца, бо гэта яўна палітычная справа, і вызваліць яго можна толькі сумеснымі і вялікімі намаганьнямі. У тым ліку праблема вызваленьня „Джона Сільвера“ будзе падымацца падчас выбарчай кампаніі», — пракамэнтаваў вынік суду Антон Жылка.

Стваральнік сайту 1863x.com, блогер Эдуард Пальчыс, вядомы ў інтэрнэце як «Джон Сільвер», абвінавачваецца паводле артыкулаў у распальваньні варожасьці праз інтэрнэт і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў. Сваёй віны Эдуард Пальчыс не прызнае. Калі над ім адбудзецца суд, невядома. Шмат хто з апазыцыйных палітыкаў і праваабаронцаў заклікае прызнаць Эдуарда Пальчыса палітвязьнем.

Таксама за пікет каля «Валадаркі» зьбіраюцца судзіць актывіста Дзяніса Краўчука і сустаршыню БХД Паўла Севярынца. Суд над Дзянісам Краўчуком мусіць адбыцца 30 чэрвеня ў Маскоўскім судзе Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG