Некалькі дзясяткаў чалавек прыйшлі на паштамт, каб падпісаць паштоўкі Эдуарду Пальчысу ў турму. Ён — рэдактар сайту 1863x.com, яго абвінавачваюць у распальваньні нацыянальнай варожасьці.
Раней сустаршыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч прапанаваў 23 чэрвеня з 19:00 да 20:00, без плякатаў ці сьцягоў сустрэцца ля Галоўпаштамта (праспэкт Незалежнасьці 10) і падпісаць паштоўкі салідарнасьці Эдуарду Пальчысу.
Паводле Дашкевіча, паштоўкі з адрасам і налепленымі маркамі будуць загадзя падрыхтаваныя — можна проста дапісаць «Джон, трымайся!», паставіць свой подпіс.
«Можаце прыносіць свае лісты, загадзя напісаныя, і дасылаць іх разам зь іншымі. А можна напісаць ліст у хаце/партыйным офісе, сфоткаць яго — і выкласьці ў сацыяльныя сеткі з ужо існуючым ў фб хэштэгам #freejhonsilver», напісаў Зьміцер Дашкевіч і дадаў адрас вязьня: 222160, Менская вобласьць, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, турма №8. Пальчысу Эдуарду Аляксандравічу».
Стваральніку сайта www.1863x.com, вядомаму як Джон Сільвэр, было выстаўлена абвінавачваньне паводле артыкулу 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці або розьні) і 343 (распаўсюджваньне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэксу. Гэта тыя ж артыкулы, паводле якіх у дачыненьні да яго высоўвалася падазрэньне.
Эдуард Пальчыс, меркаваны стваральнік і аўтар рэсурсу 1863x.com вядомы пад псэўданімам Jhon Silver экстрадаваны ў Беларусь з Расеі. Спачатку ён знаходзіўся ў СІЗА № 1 Менску, а потым яго перавялі ў Жодзіна.