Міністар інфармацыі Лілія Ананіч у кулюарах Усебеларускага народнага сходу адказала на пытаньне Радыё Свабода, калі беларускія выдавецтвы пачнуць выдаваць кнігі Сьвятланы Алексіевіч:
«Ня думаю, што гэтае пытаньне актуальнае ў сьвятле нацыянальнага кнігавыданьня. Беларуская кніга годна прадстаўленая ў сьвеце. Ёсьць у нас і творы Алексіевіч. Калі такое жаданьне ў беларускіх выдавецтваў будзе — бо не міністэрства выдае кнігі, а выдавецтвы — то безумоўна гэтыя кнігі будуць выдавацца. Але каб не было магчымасьці пачытаць кнігі Алексіевіч, я такога ня ведаю. Сёньня гэтыя кнігі шырока ў продажы ў Беларусі».
Карэспандэнт: «Але гэта расейскае выдавецтва?»
«Што вы хочаце спытацца ў міністра інфармацыі? Ці будуць выдавацца? Будуць. Яны і цяпер выдаюцца. Тут у складзе дэлегацыі ёсьць таксама выдаўцы. Папытайцеся канкрэтна ў іх пра выдавецкія пляны. Я лічу, што сёньня нацыянальнае кнігавыданьне, асабліва кнігі, якія выдаюцца зь дзяржаўнай падтрымкай, адлюстроўвае ўвесь спэктар нацыянальнага кнігавыданьня. Лепшыя кнігі, якія ствараюцца ў выдавецтве, гэта кнігі, якія прадстаўляюць нашую краіну — Беларусь.
Галоўная сёньняшняя падзея — Ўсебеларускі народны сход. Я б вам вельмі раіла скарыстаць цудоўную магчымасьць — падыйсьці да кожнага дэлегата, бо яны прадстаўляюць усю краіну. І калгасьнікі, і рабочыя, і навукоўцы, і міністры, і дзеячы культуры. Пахадзіце і паслухайце і дайце ўсё гэта — думкі, меркаваньні — на Радыё Свабода. Каб сьвет пачуў сапраўдную Беларусь. Яе памкненьні, яе мары, яе клопаты і яе будучыню. Вось гэта тая інфармацыя, якая павінна ў тым ліку і слухачам Радыё Свабода.
Вы, мне падаецца, трошкі аднабакова корміце свайго слухача».
Усебеларускі народны сход праходзіць у Менску 22-23 чэрвеня. У ім прымаюць удзел дзьве з паловай тысячы чалавек.