Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваградак забясьпечыў сябе ветравой энэргіяй


Ветрапарк каля Наваградку
Ветрапарк каля Наваградку

Каля Наваградку пачаў працаваць ветрапарк з шасьці ветракоў. Ён можа забясьпечыць электрычнасьцю жылы сэктар і ўстановы райцэнтру з трыццацітысячным насельніцтвам.

Ветрапарк разьмешчаны каля Замкавай або Пуцэвіцкай гары, недалёка ад гораду. Яе вышыня 323 мэтры над Балтыйскім морам. Як сказалі ў «Гроднаэнэрга», у гэтай мясьціне звычайна моцна дзьме. Ветракі стаяць блізка да гары, але ніжэй за яе. Гара знаходзіцца ў глебавым заказьніку, таму туды энэргетыкаў не пусьцілі.

У «Гроднаэнэрга» Свабодзе таксама паведамілі: як мяркуецца, ветрапарк будзе выпрацоўваць за год 22 мільёны кіляват-гадзін электраэнэргіі. Першы з шасьці ветракоў пачаў працаваць пяць гадоў таму. Яшчэ пяць былі дастаўленыя летась у лістападзе. Да нядаўняй пары ветракі наладжвалі ды выпрабоўвалі, і сёньня ўсе яны падлучаныя да агульнай энэргасыстэмы.

Энэргаўстаноўкі пачынаюць працаваць пры хуткасьці ветру тры мэтры за сэкунду, а пры дзесяці-адзінаццаці мэтрах за сэкунду выходзяць на поўную магутнасьць — 1,5 мэгавата. Максымальная нагрузка — 22 мэтры, яны адключаюцца калі вецер дасягае дваццаці пяці мэтраў за сэкунду. У мінулую пятніцу, калі на Гарадзеншчыне быў вельмі моцны шквальны вецер, усе ветракі аўтаматычна адключыліся.

Каля Наваградку ёсьць яшчэ некалькі ветракоў. Іх паставілі прыватныя інвэстары. Гэта ўстаноўкі меншай магутнасьці, якія былі ў выкарыстаньні за мяжой. У «Гроднаэнэрга» патлумачылі, што раней куплялі ў прыватных уладальнікаў ветракоў энэргію па падвышаным тарыфе. Аднак урадавай пастановай яго зьменшылі, паколькі выкарыстоўваецца старое абсталяваньне, якое менш адпавядае экалягічным нормам.

У ваколіцах Наваградку плянуецца паставіць яшчэ адзін вятрак — за кошт эўрапейскага крэдыту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG