Пілётны праект па прасоўваньні расейскай прадукцыі на найбуйнейшым інтэрнэт-кірмашы, кітайскай анлайн-пляцоўцы AliExpress, па сутнасьці праваліўся, піша расейскі «КоммерсантЪ».
За некалькі месяцаў паступіла толькі 24 замовы на тавары расейскіх кампаніяў, прадстаўленыя ў межах акцыі «Мода. Сдалано в России», хоць прапановы праглядалі 130 тысяч чалавек.
Расейскі Мінпрам спасылаецца на «глюкі» кітайскай пляцоўкі, AliExpress жа бачыць прычыну нізкіх продажаў у «неапраўдана высокіх коштах і адсутнасьці арыгінальнасьці».
Беларусь на AliExpress: толькі сьцягі і касплэй
У канцы 2015 года міністар інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч анансавала абмеркаваньне пытаньня прасоўваньня беларускіх тавараў на тым самым AliExpress. Як распавядала Ананіч, прадстаўнікі Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы езьдзілі ў Кітай і дамаўляліся пра сустрэчы з прадстаўнікамі кітайскіх пляцовак, якім «патрэбныя навінкі, якасны замежны тавар сярэдняга цэнавага сэгмэнту».
Тым ня меней, па запыце «Belarus» на AliExpress знаходзяцца найперш сьцягі (бел-чырвона-белыя і чырвона-зялёныя) і чахлы для тэлефонаў з гэтымі сьцягамі, памятныя манэты і старыя купюры, а таксама кітайскія сукенкі пэрсанажа Беларусь зь японскага анімэ «Hetalia: Axis Powers», дзе пэрсанажамі выступаюць краіны (пераапрананьне ў герояў анімэ ці коміксаў і «іграньне» іх роляў — папулярная ў пэўных колах забава, вядомая пад назвай касплэй).
Тавары «Беллегпраму», якія зьбіраліся прасоўваць на AliExpress, ці адсутнічаюць, ці не шукаюцца па назвах прадпрыемстваў. «Купалінкі», «Сьвітанка», «Элемы» ці «Мілавіцы» кітайскі сайт у сваім каталёгу не знаходзіць. А па запыце «Mark Formelle» знаходзіцца што заўгодна, акрамя беларускай прадукцыі: напрыклад, кітайскія тавары кшталту «3 серебряные контакты аварийной кнопку нажать XB2-B211H29 с двумя даже кнопки окно» ці «осень И Зима мужская Даже КРЫШКА Свитер» (напісаньне захаванае).
Для прасоўваньня беларускай прадукцыі за мяжой у лютым 2016 года таксама быў прадстаўлены сайт ByExport.com. На момант прэзэнтацыі ён практычна ня ўтрымліваў тавараў і кампаніяў ды меў толькі расейскую вэрсію. За чатыры месяцы дзейнасьці на ім зьявілася ангельская вэрсія і «прадстаўніцтвы» вялікай колькасьці беларускіх кампаніяў. Але большасьць «прадстаўніцтваў» пустыя: калі ў лютым на «экспартным» сайце было прадстаўлена 217 тавараў ад 15 кампаніяў, на момант публікацыі было ўжо тры сотні кампаніяў, але толькі 401 тавар. Дагэтуль на сайце не падаюцца прамыя кантакты і спасылкі на сайты прадпрыемстваў, а толькі «форма для сувязі», паведамленьні зь якой накіроўваюцца на неназваны адрас.
Відаць, у галіне анлайн-гандлю адзінай мерай зь беларускага боку стала ўвядзеньне падатку для беларусаў на замежныя пасылкі.