Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З пачатку году беларускі экспарт скараціўся амаль на 20%


Ілюстрацыйнае фота. Падчас сельскагаспадарчай выставы «Белагра-2016». Адзін з тавараў беларускага экспарту - сельскагаспадарчая тэхніка
Ілюстрацыйнае фота. Падчас сельскагаспадарчай выставы «Белагра-2016». Адзін з тавараў беларускага экспарту - сельскагаспадарчая тэхніка

Пра гэта сьведчаць афіцыйныя дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Параўнальна з тым жа пэрыядам летась продаж беларускай прадукцыі за межы краіны сёлета склаў 81,6%.

— Каб зразумець, што стаіць за гэтай лічбай, трэба найперш ведаць структуру беларускага экспарту, — тлумачыць Свабодзе экспэрт Лібэральнага клюбу Антон Болтачка. — А яна такая, што асноўны спад падае на нашы прамысловыя прадпрыемствы, чыя вытворчасьць звычайна накіроўваецца ў бок нашай усходняй суседкі — Расеі. Гэта найперш — трактары, грузавыя аўтамабілі, сельскагаспадарчая тэхніка і г.д.

Антон Болтачка
Антон Болтачка

Гэты працэс аб’ектыўны, бо ён зьвязаны з падзеньнем попыту на замежныя тавары ў Расеі. Працэс цягнецца ўжо больш за паўтара года. Пра тое, што будзе менавіта так, прагназавалі многія спэцыялісты. І канца гэтаму працэсу пакуль не відаць. Але зразумела, што ён спыніцца толькі пасьля таго, як ажыве эканоміка Расейскай Фэдэрацыі.

— А чым гэты працэс пагражае?

—Каб адказаць на пытаньне, трэба ведаць яшчэ адну лічбу — імпарт у Беларусь ад пачатку году. Параўнальна зь мінулым годам ён складае 86,1%. Гэта азначае, што ўрад за кошт скарачэньня закупак імпартных тавараў падтрымлівае крыху меншы мінус у агульнай лічбе зьнешняга гандлю.

Такім чынам тое, што мы называем барацьбой зь імпартам, робіцца дзеля таго, каб не губляць валюту высокімі тэмпамі. Але калі сыходзіць з прагнозаў на ўзнаўленьне расейскай эканомікі і цэнаў на энэрганосьбіты, то ў бліжэйшай пэрспэктыве ў нас станоўчых зрухаў не чакаецца.

— Калі ўлады бяруць курс на скарачэньне імпарту, то ці не атрымаецца так, што хутка ў беларускіх крамах зьнікнуць замежныя тэлевізары, лядоўні і іншая неабходная кожнаму тэхніка?

— Не, такога, я думаю, ня здарыцца. І тут давайце зноў паглядзім на структуру. Толькі цяпер не беларускага экспарту, а беларускага імпарту. Спажывецкія тавары, якія вы згадвалі, займаюць у ім невялікую долю. Асноўныя рэчы, якія завозяцца ў Беларусь, гэта так званы прамежкавы інвэстыцыйны імпарт. Гэта — станкі, абсталяваньне, камплектуючыя, сыравіна — карацей, усё тое, што ідзе на выніковы прадукт. Але калі гэты прадукт не прадаецца, то тады імпарт, натуральна, зьніжаецца як бы сам па сабе. Яго ўжо не патрэбна ў такой колькасьці, што мы цяпер і назіраем.

Аднак у гэтым працэсе ёсьць адзін вялікі нюанс. Калі мы бачым, што імпарт інвэстыцыйных тавараў падае і пры гэтым падаюць інвэстыцыі ў асноўную вытворчасьць, то гэта азначае, што скарачаецца патэнцыйны рост усёй эканомікі Беларусі. Найперш тых галін, якія ў будучым маглі б даць рост валавога ўнутранага прадукту.

Калі перавесьці ўсё тое, што я сказаў у простыя словы, то можна канстатаваць — улады жывуць сёньняшнім днём і слаба дбаюць пра будучыню.

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, мінус зьнешняга гандлю за студзень-красавік 2016 году склаў 1 мільярд 261,6 мільёна даляраў. Летась за гэты ж час адмоўнае сальда было меншым на 241,5 мільёна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG