Дракахруст: Прэзыдэнты Расеі і Беларусі возьмуць удзел у трэцім Форуме рэгіёнаў дзьвюх дзяржаў, які пройдзе ў Менску 7-8 чэрвеня.
Пра гэта старшыня Савету Фэдэрацыі Валянціна Мацьвіенка паведаміла ў эфіры праграмы «Карціна сьвету» на тэлеканале «РТР-Беларусь».
Яна ўдакладніла, што на сустрэчы ў Менску цэнтральнае месца зоймуць пытаньні сацыяльнай палітыкі.
«Паколькі мы будуем адзіную саюзную дзяржаву, мы павінны старацца стварыць і адзіныя роўныя сацыяльныя ўмовы. Каб быў роўны доступ да адукацыі, аховы здароўя, забясьпечыць разумную міграцыю працоўнай сілы», — адзначыла Мацьвіенка і выказала меркаваньне, што «калі-небудзь мы выйдзем на адзіныя сацыяльныя стандарты».
Сацыяльныя стандарты — рэч важная, але мне чамусьці здаецца, што ня толькі пра іх пойдзе размова ў Менску, і той форум рэгіёнаў — адно нагода для сустрэчы.
Апошнім часам кантакты кіраўніцтваў дзьвюх краінаў былі вельмі інтэнсіўныя: адбыўся візыт у Беларусь прэм’ера Мядзьведзева, кіраўніка МЗС Расеі Лаўрова, Лукашэнка лятаў у Астану на саміт Эўразійскага саюзу. Цяпер — новая сустрэча.
Ну і варта нагадаць ваенна-палітычны фон гэтай актыўнасьці: зьяўленьне элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьпаветранай абароны, рэзкі, пагрозьлівы адказ на гэта Пуціна, перадысьлякацыя сілаў НАТО ў краіны Балтыі і Польшчу, буйныя вучэньні НАТО, зьяўленьне на мяжы зь Беларусьсю моцнай расейскай вайсковай групоўкі.
Газавы канфлікт і розныя аспэкты ваеннага супрацоўніцтва — кола пытаньняў, якія Пуцін едзе вырашаць у Менск.
Так выглядае, што ваенна-палітычныя пытаньні будуць прынамсі прысутнічаць у парадку дня перамоваў Пуціна і Лукашэнкі, калі ня стануць цэнтральнымі. Ваенныя экспэрты ўжо выказвалі меркаваньне, што зьяўленьне ў Расеі на мяжы зь Беларусьсю моцнай вайсковай групоўкі сьведчыць пра тое, што Масква ня надта пакладаецца ў сэнсе абароны на саюзьніка, ствараючы дадатковую лінію абароны, якую кантралюе выключна сама.
Але ня выключана, што ў Менску будуць абмяркоўвацца статус, правы і магчымасьці гэтай групоўкі — у прыватнасьці, у якіх сытуацыях яна будзе мець права перасекчы беларускую мяжу, як будзе выбудаванае апэратыўнае і лягістычнае ўзаемадзеяньне паміж групоўкай і беларускімі ўзброенымі сіламі. Раней такой вялікай групоўкі на мяжы проста не было, адпаведна і пытаньне ўзаемадзеяньня не паўставала.
Гледзячы па ўсім, немалаважнай тэмай перамоваў будзе і газавы канфлікт: спрэчка працягваецца, Беларусь не прызнае фінансавых прэтэнзіяў «Газпрому», зыск у суд будзе разглядацца доўга. Склалася тая сытуацыя, як яно ня раз бывала ў двухбаковых адносінах, калі вырашыць спрэчку могуць толькі першыя асобы дзяржаваў.
Такім чынам, газавы канфлікт і розныя аспэкты ваеннага супрацоўніцтва (групоўка на мяжы, авіябаза, магчымае разьмяшчэньне іншых расейскіх узбраеньняў на тэрыторыі Беларусі) — вось тое кола пытаньняў, якія Пуцін едзе вырашаць у Менск.
Карбалевіч: Я б паглядзеў на гэтую сытуацыю пад крыху іншым ракурсам. Тут важны кантэкст, у межах якога пройдзе гэты візыт. Апошнім часам у беларуска-расейскіх адносінах адбываецца цікавая тэндэнцыя. Беларусь дзейнічае з пазыцыі сілы, а Расея — з пазыцыі слабасьці. Усё пачалося з пытаньня пра авіябазу. Масква настойвала на яе разьмяшчэньні на беларускай тэрыторыі, Менск супраціўляўся. Шмат экспэртаў лічылі, што Крэмль будзе ўвязваць гэтае рашэньне з пытаньнем крэдыту ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця (ЭФСР). Але не, крэдыт выдзелены, пытаньне пра базу пакуль зьнятае з парадку дня.
Лукашэнка, бачачы ўразьлівасьць Крамля, пераходзіць у наступ, спадзеючыся атрымаць дадатковыя дывідэнды
Потым узьнік канфлікт з цэнамі на газ. Беларускія ўлады явачным парадкам усталявалі сваю, «справядлівую» на думку Менску, цану газу, і плацяць столькі, колькі лічаць патрэбным. Што робіць Масква? Можа перакрывае паўстаўкі газу? Не. Усяго толькі падае ў суд на Беларусь.
Вось і на саміце ЭАЭС у Астане Лукашэнка моцна «наехаў» на Пуціна, а той быў вымушаны апраўдвацца.
Бо беларускі бок разумее, што цяпер Масква яўна ня хоча канфліктаваць, сварыцца з найбліжэйшым саюзьнікам. Расея цяпер знаходзіцца ў цяжкім эканамічным і міжнародным становішчы. Зацяжны канфлікт з Захадам зьвязвае ёй рукі. Крамлю не да Беларусі.
Аляксандар Лукашэнка за доўгія гады камунікацый з кіраўніцтвам Расеі досыць тонка адчувае сытуацыю, стан партнэра, выразна разумее межы магчымага і дапушчальнага ў канфлікце з Масквой. Цяпер ён, бачачы ўразьлівасьць Крамля, пераходзіць у наступ, спадзеючыся атрымаць дадатковыя дывідэнды, вытаргаваць новыя саступкі. Цалкам магчыма, што разьлік правільны і акупіцца.
Да таго ж крызіс, падзеньне цэнаў на нафту аслабіў эканамічную залежнасьць Беларусі ад Расеі. Гэта таксама робіць паводзіны Лукашэнкі больш свабоднымі. Што тычыцца канкрэтнага пытаньня, то не выключаю, што падчас гэтага візыту Пуціна бакі знойдуць кампраміс па газавым пытаньні.
Цыганкоў: Газавае пытаньне выглядае не настолькі стратэгічна складаным, і кошт, паводле апошніх дадзеных, усяго каля 200 мільёнаў даляраў, бывалі ў беларуска-расейскіх дачыненьнях і больш дарагія пытаньні, якія вырашаліся на карысьць геапалітычнай еднасьці.
Магчыма Масква рыхтуецца да даволі доўгага, прынамсі ідэалягічнага процістаяньня з НАТО, да новай халоднай вайны
Праўда, выклікае ўсё больш пытаньняў, ці ёсьць гэтая геапалітычная еднасьць. Відавочна, усе тыя апошнія падзеі, якія пералічыў Юры, паказваюць імкненьне Масквы больш актыўна прычапіць Беларусь да сваёй геапалітыкі, да антызаходняга, антынатаўскага трэнду, які цяпер назіраецца ў замежнай палітыцы Масквы. Рэч у тым, што чым больш будзе абвастрацца гэтая сытуацыя, гэтае процістаяньне Масквы і Захаду, тым больш шанцаў у Беларусі аказацца ў расейскай каляіне і тым менш шанцаў застацца незалежнай у сваіх геапалітычных меркаваньнях, застацца пры сваіх інтарэсах.
Апошнія вайсковыя перасоўваньні Расеі кажуць пра тое, што магчыма Масква рыхтуецца да даволі доўгага, прынамсі ідэалягічнага процістаяньня з НАТО, да новай халоднай вайны. Магчыма, гэтыя войскі маюць наблізіцца не да беларускай, а да ўкраінскай мяжы, паколькі там блізка і да той, і да той.
Некаторыя колы ў Маскве дапускаюць, што гэтая халодная вайна пры пэўных умовах можа перайсьці ў гарачую фазу. Яны мяркуюць, што полем бітвы стане Ўсходняя Эўропа — Украіна, Беларусь, Малдова, магчыма, краіны Балтыі, а не тэрыторыя Расеі. Гэта тое, чым небясьпечнае для Беларусі абвастрэньне геапалітычнай сытуацыі. Яна гістарычна знаходзіцца паміж молатам і кавадлам, паміж дзьвюма вялікімі сіламі.
Але калі дойдзе да вострай стадыі, то ў Лукашэнкі будзе ўсё менш магчымасьцяў да геапалітычнага манэўраваньня. Цяперашні пазытыўны трэнд нармалізацыі адносінаў з Эўразьвязам і ЗША можа зламацца, калі эскаляцыя канфлікту паміж Захадам і Расеяй зойдзе надта далёка.
Вось на якім тле будуць адбывацца перамовы. Ну а чым гэта скончыцца — даведаемся пазьней са СМІ, але, верагодна, не пра ўсё.