Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я хачу насіць кароткую спадніцу. І буду» — Аліна, якая нарадзілася хлопцам


33-гадовая Аліна Майер — сёньня самая сьмелая беларуская транссэксуалка. Яна дала ўжо некалькі інтэрвію беларускім СМІ, не стамляецца чытаць камэнтары пад публікацыямі і кажа, што над некаторымі шчыра рагоча. У Аліны ёсьць сябры, яна перакананая, што беларусам можна патлумачыць розьніцу паміж гендэрнай ідэнтычнасьцю і сэксуальнай арыентацыяй, і ёй падабаюцца кароткія спадніцы.

У Аліны хапае сіл заставацца самой сабой. І ёй вельмі патрэбная праца.

Калі ў цябе ёсьць белы аркуш і чорны аловак, ты малюеш на ім чорны квадрат і бачыш толькі белае і чорнае. Але ёсьць алоўкі розных колераў. Гэтаксама як і людзі — бываюць бісэксуальныя, агендэрныя, трансгендэрныя. Мы ўсе розныя. І я хачу, каб людзі гэта зразумелі і прынялі.

Мне было вельмі крыўдна 17 траўня. Гэта дзень барацьбы з праявамі гамафобіі і трансфобіі. Але ўсе казалі толькі пра гомасэксуалаў, а пра трансгендэраў — нічога. А гаварыць пра гэта важна.

У нас апэрацыі па зьмене полу бясплатныя, але мне гэта ані пра што ня кажа.

Мяне папрасілі ў дэталях распавесьці, як я займаюся сэксам. У Менскім гарадзкім сэксалягічным цэнтры першы дзень далі анкету запоўніць. Пасьля трэба было напісаць аўтабіяграфію з самога дзяцінства. Я стала пісаць, і ў мяне было на 3–4 аркушы. А сказалі, што трэба аркушаў 20. Там былі такія пытаньні: з кім вам больш падабаецца займацца сэксам? як гэта адбываецца? Абдымашкі-цалавашкі, мая рука ў яго, яго рука ў мяне... І ўсё гэта трэба пісаць? Я не разумею, навошта ўсё гэта трэба ім ведаць. Я не разумею, як пра такое можна пытацца. Гэта ўварваньне ў асабістае жыцьцё.

Давайце ўвядзем камісію для тых, хто хоча схуднець, ці зрабіць губкі «банцікам», ці з другога памеру станіка перайсьці ў пяты. Давайце іх будзем па два гады шманаць. Гэта дыскрымінацыя, калі трэба праходзіць Навінкі і іншых дактароў, каб даказваць, што з табой усё добра.

Я прымаю гарманальныя таблеткі амаль тры гады. Спачатку мне даводзілася праз сацыяльную сетку з кімсьці кансультавацца, хто больш-менш разьбіраецца. Бо нашы дактары ў гэтым часткова не разьбіраюцца і ня ведаюць, ад чаго адштурхоўвацца. Сяджу на форуме, там мне падказалі дазіроўкі.

Надзявай сукенку і сацыялізуйся як жанчына — так кажа наш доктар, калі прыходзіш да яго і кажаш, што адчуваеш сябе дзяўчынай. FTM (ангельская абрэвіятура Female to Male, азначае пераход ад жаночай ідэнтычнасьці да мужчынскай — РС.) нашмат прасьцей: надзеў мешкаватыя штаны, кепку, майку, узяў у бацькі боты 45-га памеру, хай у цябе і 38-ы.

А ў мяне якая сацыялізацыя? Мяне ў горадзе сфатаграфавалі і выклалі фотку ў групе «Беларускі моднік». Пра што гэта кажа? Пра нявыхаванасьць і цемрашальства.

Першы чалавек, якому я прызналася, была дзяўчына, якая ў мяне закахалася. Мы сябравалі ў «Одноклассниках». У мяне там акаўнт мужчынскі і шмат сяброў-дзяўчат. Яны любяць са мной камунікаваць, бо я не кажу адразу: «Давай сустрэнемся і зоймемся сэксам». Ува мне бачылі добрага чалавека. І я заўжды ўсіх прасіла, каб толькі не закахаліся ў мяне.

А тут яна мне дасылае вершы, просіць тэлефон, кажа, што ня сьпіць з мужам у адным пакоі, а сьпіць асобна зь дзіцем. Я яе прасіла: «Ня трэба, бо можаш моцна аб мяне абпячыся». Ёй першай я расказала. Пасьля ўжо сястры і маме сказала. Дзяўчына зразумела, але пасьля напісала, што ўпала ў дэпрэсію. І нібыта з-за мяне.

Я ня ведаю, што дае гей-прайд. Я хаджу на квір-фэсты, на лекцыі, фільмы паглядзець у Makeout. А проста па горадзе пагуляць у мяне жаданьня няма.

З маці і сястрой мы так і не прымірыліся. Маці ляжала ў рэанімацыі, дык сястра дадалася да мяне «ў сябры», толькі каб пра гэта паведаміць. Груба вельмі размаўляе са мною, крычыць увесь час. І выдалілася пасьля. А маці яшчэ насварылася на яе, навошта ты «яму» гэта распавяла. Гэта мне, значыць.

Маю маці жорстка зьбіваў айчым. Я яго нават айчымам не назаву. Проста тыран. Яна ад яго за ўсё сваё жыцьцё ня мела ніводнага прыемнага слова, ня кажучы ўжо пра падарункі. Адны сінякі і іншыя непрыемнасьці. Мыла яму шкарпэткі і трусы. Яны нават не заўважалі, што са мной адбываецца.

Гэта заўжды было ў мяне ўнутры. Я жыла з гэтым чалавекам. І баялася гэта камусьці сказаць. Тым больш сабе. Я купіла аднойчы газэту «Спид-инфо». Там была рэкляма «апэрацыі па зьмене полу ў Маскве». І сайт быў. Я тады ў інтэрнэт-клюбе на гэты сайт залезла, пачытала. Зразумела, што зрабіць апэрацыю па карэкцыі полу — гэта адно, а зьнешнасьць таксама ж трэба мяняць. Табе кажуць «эй, мужык», ты ж штаны не расшпіліш кожны раз, каб даводзіць, што ў цябе там няма нічога.

Я з гэтага інтэрнэт-клюбу выйшла з сумам-смуткам. Мне здавалася, што я адна такая, падзяліцца няма з кім. Думала, што давядзецца так і жыць усё жыцьцё. Але прайшоў нейкі час, даведвалася ўсё больш і больш, сябры зьявіліся.

Я з боку іншых ніякай дыскрымінацыі не адчуваю. Усё добра. З агрэсіяй не сутыкалася. Але адчуваю, што людзі сьмяюцца ці коса паглядаюць. Я хаджу да псыхоляга, яна шмат у чым мне дапамагла. Страх я пераадолела. І ведаю, што галоўнае — гэта тое, як ты сам да сябе ставісься. Паглядзелі коса — «Супэр! Вы неадукаваныя пячоразаўры». Але гэта толькі позірк. Шмат на каго глядзяць, хто не падыходзіць пад стандарты.

Яшчэ тры гады таму на мужчыну ў ружовай маечцы казалі «гей». Цяпер такога няма. На двухмэтровую дзяўчыну таксама будуць лупіць вочы. Ці калі хто на мыліцах. А можа, хтосьці ў тату, у вушах тунэлі і кольцы ў носе. На ўсіх глядзяць, хто не ўпісаны ў рамкі гэтага грамадзтва.

У мяне ёсьць рукі і ногі, магу сама зарабляць на сябе. Займаюся малярнымі і аддзелачнымі працамі, кватэры прыбіраю. Але замоваў мала.

Дэкрэт пра «дармаедаў» мяне абурае. Чаму я мушу карміць чынушаў, якія пабудавалі сабе церамкі ў Драздах?

Калі замоўцу прынцыпова, як я выглядаю, гэта ягоныя праблемы, а не мае. Чалавеку ўсё адно, як я выглядаю. Яму галоўнае — каб праца была якасна зробленая.

Я хачу насіць кароткую спадніцу. І буду. Гэта мая асабістая справа і маё права. Я магу хадзіць у шортах, магу мужчынскае адзеньне надзець, магу макіяж зрабіць ці не зрабіць. Але ўнутры я заўжды буду дзяўчынай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG