Збор сродкаў арганізавала актывістка «Эўрапейскай Беларусі» Юля Сьцяпанава. Сабралі за 5 дзён.
«Дзякуй усім неабыякавым, хто паўдзельнічаў у акцыі — грошы сабраныя. Цяпер спадарыня Ніна на лецішчы, але як толькі вернецца, то адразу набудзем тэхніку і перадамо ёй», — сказала Юля Сьцяпанава Свабодзе.
Яна дадала, што спадарыня Багінская зь цяжкасьцю пагадзілася на такую дапамогу ад грамадзкасьці. Калі суд верне канфіскаваную ў яе маёмасьць, яна зьбіраецца перадаць набытую тэхніку тым, хто мае патрэбу.
27 траўня дзеці Ніны Багінскай накіравалі ў суд скаргу, дзе гаворыцца пра тое, што канфіскаваная маёмасьць належыць ім. Пра гэта сьведчаць і прыкладзеныя дакумэнты на куплю-продаж тэхнікі.
Паводле сына Ніны Багінскай Паўла, у скарзе ён адзначыў: у сям’і 7-месячнае дзіця, і пральная машына — неабходнасьць.