Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арэшкін: Саўчанка была гарачай бульбінай у руках Пуціна


Першыя фота Надзеі Саўчанкі пасьля вызваленьня, 25 траўня 2016 году
Першыя фота Надзеі Саўчанкі пасьля вызваленьня, 25 траўня 2016 году

Лібэральны маскоўскі экспэрт Дзьмітры Арэшкін у інтэрвію Свабодзе ацаніў, як вызваленьне Надзеі Саўчанкі паўплывае на імідж Пятра Парашэнкі і Ўладзімера Пуціна, а таксама зрабіў прагноз наконт бліжэйшых спробаў Расеі наладзіць адносіны з Захадам.

— Пасьля вызваленьня Надзеі Саўчанкі ці зьявілася спакуса пачаць гаварыць пра пачатак канца вайны на Данбасе?

Дзьмітры Арэшкін
Дзьмітры Арэшкін

— Я б не перабольшваў значнасьць разьмену Надзеі Саўчанкі. Зразумела, што раней ці пазьней Пуцін быў бы вымушаны гэта зрабіць. Чаму? Таму што Саўчанка замест інфармацыйнага і палітычнага актыву стала выразным пасівам. Адбылася вялікая тактычная памылка. Пуцін думаў, што возьме дзяўчынку, напалохае яе, яна ва ўсім прызнаецца, усё падпіша, усё раскажа пра ўкрафашызм, пра тое, як ва Ўкраіне зьнішчаюць дзяцей і цяжарных жанчын. А яна выявілася іншай. Інстынктыўна ці розумам зразумела, што ёй трэба займаць скрайне жорсткую пазыцыю, факусаваць на сабе ўвагу, галадаць, баставаць, рабіць гістэрыкі. Такая яе пазыцыя была пачутая СМІ, і ў выніку, замест таго каб атрымаць сьведку злачынстваў украінскай хунты, Масква атрымала гарачую бульбіну, якую цяжка трымаць у руках. З кожным месяцам утрыманьне Саўчанкі станавілася больш дарагім у сэнсе палітычных выдаткаў. Саўчанка стала сусьветнай зоркай, хэдлайнэрам міжнародных СМІ. Стала зразумела, што калі, ня дай Бог, яна памрэ, то віна ляжа на Пуціна. Ну, і лягічным стала рашэньне фармальна асудзіць Надзею Саўчанку і пазбыцца яе як найхутчэй.

— Але зрабіць гэта трэба было так, каб Пуцін не згубіў твар.

Тое, што Пуцін вызваліў Саўчанку, не было ўспрынята як акт добрай волі. Усе разумеюць, што гэта вымушаны акт, Пуціна змусілі да гэтага.

— Менавіта таму была затрымка з часам, нейкія юрыдычныя затрымкі. Увогуле расейскія ўлады, відаць, разьлічвалі, што тэма сыдзе ў цень. Але яна ня стала сыходзіць у цень — і гэта таксама праблема Пуціна. Саўчанка ўпэўнена заставалася на парадку дня, хоць гэта і супярэчыць законам СМІ — больш за 2–3 тыдні адна тэма звычайна ў прэсе не жыве. Таму стала зразумела, што гэтую гарачую бульбіну трэба выкідаць. Гэта добра разумелі Захад і Ўкраіна. Таму тое, што Пуцін вызваліў Саўчанку, не было ўспрынята як акт добрай волі. Усе разумеюць, што гэта вымушаны акт, Пуціна змусілі да гэтага.

— Як скарыстаўся з гэтай сытуацыі Пятро Парашэнка, які цяпер выглядае таленавітым дыпляматам?

— Парашэнка скарыстаўся вызваленьнем Саўчанкі па максымуме, можна сказаць, зьняў увесь шакаляд і зьеў яго. На яго самалёце прывезьлі Надзею з Растова-на-Доне ў Кіеў. Сам украінскі лідэр выступіў у ролі Бэтмэна, выратавальніка. Сытуацыя раскруцілася на карысьць Парашэнкі, а ня Пуціна. У расейскага прэзыдэнта ўсё наадварот — у прыхільнікаў непрыемныя перажываньні, маўляў, Крэмль паддаўся ціску, прэзыдэнт стаў слабаком, выпусьціў жанчыну, якая ў вачах яго прыхільнікаў была злачынцам.

— Як Пуцін будзе вяртаць сабе рэнамэ жорсткага лідэра?

Пуцін — моцны гулец, ён пастараецца здабыць нешта нават з гэтай пройгрышнай сытуацыі. Пуцін ніколі ня робіць нічога аднахадовага, ён заўсёды разыгрывае двуххадоўкі.

— Пуцін — моцны гулец, ён пастараецца здабыць нешта нават з гэтай пройгрышнай сытуацыі. Пуцін ніколі ня робіць нічога аднахадовага, ён заўсёды разыгрывае двуххадоўкі. Гэта значыць, што цяпер на перамовах з Захадам ён будзе біць на тое, што ён праявіў гнуткасьць, і спадзявацца на сустрэчную гнуткасьць, і, магчыма, нават яе атрымае. Хаця Захад разумее, што пазыцыя Пуціна была вымушаная, у заходніх палітыкаў ёсьць манера заахвочваць слушныя крокі. Таму цяпер Пуцін можа разьлічваць на кавалачак цукру ці печыва — такая дрэсіроўка. Такім чынам, вобраз Пуціна крыху палепшыўся ў вачах Захаду. Але ў Расеі яму трэба тэрмінова вяртаць свой твар. Ён павінен паказаць нейкую дэманстратыўную суворасьць.

— Ці можна казаць пра тое, што абазначылася нейкая зьмена ў дачыненьнях Пуціна з Захадам і Ўкраінай?

— Ня бачу нагоды сьцьвярджаць гэта. Так, нешта там мяняецца, але Саўчанка тут ні пры чым. Павольныя зьмены адбываюцца паводле гамбурскага рахунку. Справа ў тым, што Саўчанка — толькі адна з праблем. Цяпер яму трэба тыдні два адмывацца ў СМІ ад спосабу, якім гэтая праблема вырашылася. Але застаюцца іншыя — грошы, эканоміка, санкцыі, сырыйская праблема.

— Дарэчы, удзел Расеі ў сырыйскай міратворчай апэрацыі можа паспрыяць паляпшэньню іміджу Пуціна ў Расеі?

— Ну як сказаць. Пуціна там жорстка адсунулі на задні плян. Рэальныя ваенныя дзеяньні вядуцца ўжо без удзелу Расеі, функцыя якой як пасярэдніка зьведзеная да нуля. Праз паўгода пасьля пачатку гэтай гісторыі Пуцін там ніхто — гэта калі называць рэчы сваімі імёнамі. У Расеі не хапае ні грошай, ні кадраў, ні тэхнікі, каб усур’ёз увязвацца ў вайну. Зрэшты, ён і не хацеў займацца Сырыяй сур’ёзна, проста было жаданьне прадэманстраваць сваю значнасьць. Але ідуць паведамленьні пра спаленыя расейскія верталёты, а пра перамогі неяк не чуваць.

— То бок практычна паўтараецца сытуацыя з Данбасам. Дарэчы, што будзе Расея рабіць зь ім?

Пуціну цяпер вельмі трэба наладзіць адносіны з Захадам — Расея сядзіць без інвэстыцыяў, ніякага імпартазамяшчэньня пасьля ўводу санкцыяў не адбылося, эканоміка моцна буксуе.

— Рабіць нешта трэба. Але няма грошай — гэта пацьвердзіў Дзьмітры Мядзьведзеў у Крыме. Тым больш няма грошай на ўтрыманьне Данбасу, які значна даражэйшы за Крым. Таму цяпер Пуціну трэба будзе дамаўляцца. Вось цяпер загаварылі пра паліцэйскую місію АБСЭ, Пуціну трэба будзе пагаджацца, хоць бы часткова. Але зусім згортвацца на Данбасе ён ня можа: сілавыя эліты ў Расеі скажуць — «зьліў Данбас». Разам з тым нейкія саступкі павінны быць. Справа ў тым, што яму цяпер вельмі трэба наладзіць адносіны з Захадам — Расея сядзіць без інвэстыцыяў, ніякага імпартазамяшчэньня пасьля ўводу санкцыяў не адбылося, эканоміка моцна буксуе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG