Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі беспрацоўе расьце найхутчэй, чым дзе ў СНД. Чаму?


Наколькі можна верыць лічбам афіцыйнай статыстыкі наконт беспрацоўя? Чаму, паводле гэтых лічбаў, беспрацоўе расьце ў Беларусі самымі высокімі тэмпамі ў СНД?

Глод: Па тэмпах росту беспрацоўя Беларусь выйшла ў лідэры на абшарах СНД. Паводле дадзеных Статыстычнага камітэту Садружнасьці па стане на 1 красавіка, у Беларусі за апошнія 12 месяцаў тэмп росту колькасьці беспрацоўных аказаўся самым высокім параўнальна зь іншымі дзяржавамі постсавецкай прасторы. Так, у Беларусі гэты паказьнік складае аж 37,1%, у той час як у Казахстане, які ідзе сьледам, 23%. У іншых краінах сытуацыя лепшая.

Экспэрты тлумачаць надзвычайны рост беспрацоўя ў Беларусі двума галоўнымі прычынамі. Першая — неспрыяльная сытуацыя ў эканоміцы. І тут няма чаго камэнтаваць, бо ўсе ведаюць, што некаторыя прадпрыемствы спыняюць працу, іншыя пераходзяць на скарочаны працоўны тыдзень, на некаторых моцна абвальваюцца заробкі.

Уладзімер Глод
Уладзімер Глод

Другая прычына — гэта фактычна тая ж самая першая, але ўжо ў дачыненьні не да Беларусі, а да Расеі. Расейскі рынак, асабліва будаўнічы, моцна скурчыўся. Цяпер там сталі непатрэбныя і беларускія гастарбайтэры. Таму беларусы вяртаюцца дамоў і папаўняюць шэрагі беспрацоўных.

Але экспэрты кажуць, што статыстыка ў Беларусі ахоплівае далёка ня ўсіх людзей, якія пазбавіліся працы. Дапамога па беспрацоўі ў Беларусі сёньня эквівалентная 13 далярам на месяц. І таму ў людзей няма вялікай матывацыі афіцыйна запісвацца ў беспрацоўныя. Экспэрты кажуць, што, напрыклад, у Азэрбайджане дапамога па беспрацоўі 162 даляры, у Малдове — 69, нават ва Ўкраіне — 59 даляраў. Лічбы непараўнальныя.
Менавіта з-за гэтага аналітыкі ставяць пад сумнеў лічбу Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, якая на 1 траўня 2016 году складае 1,2% беспрацоўных да агульнай колькасьці эканамічна актыўнага насельніцтва. Яны кажуць, што рэальныя маштабы беспрацоўя адлюстроўваюць дадзеныя выбарачнага абсьледаваньня хатніх гаспадарак, якія дазваляюць ацаніць маштабы схаванага беспрацоўя.

Але вынікі такіх абсьледаваньняў зьяўляюцца засакрэчанымі.
У 2012 годзе, а менавіта з гэтага часу вядзецца статыстыка хатніх гаспадарак, праўда, сакрэтныя дадзеныя прасачыліся ў мэдыі. Ужо тады рэальны памер беспрацоўя быў 5,3%. Згодна з ацэнкай Міжнароднай арганізацыі працы, у 2014 годзе беспрацоўе ў Беларусі складала 5,9%. Сёлета, лічаць экспэрты, узровень беспрацоўя яшчэ больш павялічыўся, што пацьвярджаюць гэтую тэндэнцыю.

На гэтым, калегі, я спыняюся. І зьвяртаюся спачатку да Юрыя Дракахруста, які ўжо не адзін год прафэсійна займаецца сацыялёгіяй. Юры, на ваш погляд, наколькі рэальныя абазначаныя статыстыкай лічбы па беспрацоўю? А Віталя Цыганкова я папрашу выказаць свой прагноз: ці замарудзіцца працэс павелічэньня беспрацоўных у Беларусі ці наадварот яшчэ больш паглыбіцца?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Гэтыя лічбы можна ставіць пад сумнеў з двух бакоў. З аднаго боку, дзяржаўная статыстыка хавае рэальнае беспрацоўе, маўляў, у нас сацыяльная дзяржава, якая клапоціцца пра народ. З другога боку, што ёсьць беспрацоўе? Ёсьць афіцыйнае беспрацоўе, але ці сапраўды ўсе гэтыя людзі не маюць працы?

Існуе шэры рынак, прычым, паводле дасьледаваньняў, у Расеі і ва Ўкраіне ён вельмі вялікі. Людзі працуюць без падаткаў, па дамоўленасьці.

Для тлумачэньня рэзкага істотнага падзеньня занятасьці ў Беларусі варта зьвярнуць увагу на прыроду беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі. У беларускай статыстыцы ёсьць паказьнік, якога няма ані ва Ўкраіне, ані ў Расеі, напрыклад — так званы «рост складзкіх запасаў». У рынкавай эканоміцы ня можа быць росту складзкіх запасаў.

Прадпрыемствы альбо зьніжаюць вытворчасьць, альбо банкрутуюць, але яны не могуць працаваць на склад.

А вось такая паўсацыялістычная эканоміка, дзе 70% — дзяржаўны сэктар, можа. І яна так і працавала да апошняга часу. І трымала людзей на працы. Гэта заўсёды падавалася як вялікая перавага беларускай мадэлі, маўляў, там выкідаюць людзей на вуліцу, а ў Беларусі ўсе працуюць, хай нават і без толку, але працуюць. Але цяпер выявілася, што гэтая мадэль так працаваць не можа.

У іншых краінах, у тым жа Казахстане, даволі высокае абсалютнае значэньне беспрацоўных. Там шмат беспрацоўных было і раней. І таму іх колькасьць не так значна павялічылася. А ў Беларусі беспрацоўе было вельмі нізкім. А зараз з-за гэтага крызысу, з-за таго, што сыстэма ўжо не выцягвае, атрымліваецца высокая дынаміка. Хоць яшчэ пакуль, паводле абсалютнай лічбы беспрацоўных, Беларусь не дасягнула ўзроўню Казахстану ці Расеі.

Аднак у іншых краінах — ў Расеі, Ўкраіне, Казахстане — людзі больш-менш прызвычаіліся да беспрацоўя. А ў Беларусі гэта выклікае моцны сацыяльны шок.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Ёсьць адзін захад, які мог вельмі моцна павялічыць афіцыйны ўзровень беспрацоўя ў Беларусі — зрабіць дапамогу па беспрацоўю такой самай, як у Расеі ці Казахстане. Калі ў Беларусі гэты ўзровень склаў бы хоць 100 даляраў, заўтра ж колькасьць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных павялічылася б як мінімум у 3-4 разы замест 1%, які мы маем доўгія гады. Была б лічба больш рэалістычная.

Паводле эканамістаў у Беларусі недзе каля мільёну працаздольнага насельніцтва з 9 мільёнаў ніяк не зарэгістраваныя. Яны не працуюць і не рэгіструюцца. Працуюць ці ў так званай шэрай сфэры, напрыклад, рамантуюць машыны, некаторыя будаўнічыя працы выконваюць, ці працуюць за мяжой. Некаторым маім знаёмым, якія не першы год шукаюць працу, не прыйдзе ў галаву прыйсьці і рэгістравацца афіцыйна беспрацоўным. Некаторыя прыходзілі, пабачылі, колькі ўмоваў трэба выканаць, каб быць афіцыйна зарэгістраванымі, разьвярнуліся і пайшлі адтуль. Рэгіструюцца сапраўды людзі ў крайняй ступені адчаю, ў якіх доўга не было працы. Большасьць шукае працу нефармальным шляхам, праз знаёмых.

Прыведзеныя лічбы росту беспрацоўя не адпавядаюць лічбам скарачэньняў на прадпрыемствах на гэты год. Напрыклад, найбуйнейшыя прадпрыемствы краіны за апошнія гады скарацілі тысячы сваіх супрацоўнікаў. Толькі МТЗ — 1800 чалавек, МАЗ — 1300 чалавек, Белшына — 1100 чалавек. Увогуле за год сукупная колькасьць работнікаў на топ-50 прадпрыемствах Беларусі скарацілася з 271 тысячы да 259 тысяч чалавек. На 12 тысяч — як бачым, колькасьць беспрацоўных не павялічылася на такую лічбу, што кажа пра тое, што людзі не сьпяшаюцца ісьці на біржу працы, бо беларуская сацыяльная сыстэма пабудаваная такім чынам, што беспрацоўе павінна быць малым. Усё зроблена для гэтага: і складаныя ўмовы рэгістрацыі, і памер дапамогі па беспрацоўі. Афіцыйна зарэгістраваныя беспрацоўныя павінны праводзіць пэўны час на так званых грамадзкіх працах. Не кожны на гэта псыхалягічна згодны. Таму дзяржава робіць усё, каб афіцыйная лічба беспрацоўя была малой і не адпавядала рэальнасьці беларускага эканамічнага жыцьця.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG