Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чорны анёл польскай песьні


Эва Дэмарчык
Эва Дэмарчык

Музычны талент маюць многія. Але толькі ў выпадку нешматлікіх талент суправаджаецца тым, што можна назваць, пры адсутнасьці больш дакладнага тэрміну, «Божай іскрай» — унутраным гарэньнем і сьвячэньнем, якое апраменьвае ўсё тое, што музычна адораны чалавек прапануе публіцы.

«Божая іскра» Эвы Дэмарчык упершыню зазьзяла 24 чэрвеня 1962 году — у Кракаве, у вядомым кабарэ «Piwnica pod Baranami», якое стварыў і якім кіраваў рэжысэр Пётр Скшынэцкі. У той знамянальны вечар, калі наведнікі кабарэ ўжо ўсталі са сваіх месцаў і зьбіраліся ісьці дахаты, на сцэну ўбег Скшынэцкі, які выконваў ролю канфэрансье, і сказаў нешта накшталт: «Я хацеў вам сказаць „добры вечар“, але не магу. Не магу, шаноўнае спадарства, бо чакаю таго, што тут зараз адбудзецца. Перад вамі выступіць надзвычайная маладая сьпявачка, ад захапленьня якой вас хопіць трасца з паралюшам». За дакладнасьць цытаты я не ручаюся. На сцэну выйшла 21-гадовая брунэтка ў сьціплай чорнай сукенцы, пры фартэпіяна сеў малады кампазытар Зыгмунт Канечны. Эва Дэмарчык засьпявала тры песьні, у іх ліку «Czarne anioły» з музыкай Канечнага. Калі Дэмарчык скончыла свой міні-рэцытал, усе прысутныя зразумелі, што ў Польшчы зьявілася сьпявачка, якой дагэтуль не бывала. Зь неверагоднай сцэнічнай экспрэсіяй, з драматычна-лірычным голасам, зь вялікімі акторскімі здольнасьцямі. Адзін з музычных журналістаў неўзабаве назваў яе «Чорным анёлам польскай песьні» — і гэтая мянушка засталася за ёю на працягу ўсёй яе сьпявачай кар’еры...

Эва Дэмарчык сьпявала песьні на словы выдатных польскіх паэтаў — Юліяна Тувіма, Баляслава Лесьмяна, Кшыштафа Каміля Бачынскага, Марыі Яснажэўскай-Паўлікоўскай... Пачаткова музыку пісаў ёй кангеніяльны Зыгмунт Канечны, потым яна стала супрацоўнічаць з кампазытарам Анджэям Зарыцкім. У 1963 годзе яна атрымала першую ўзнагароду на першым Фэстывалі польскай песьні ў Аполі, якраз за згаданыя «Чорныя анёлы». У 1964 годзе — другую ўзнагароду Міжнароднага песеннага фэстывалю ў Сопаце за песьню «Grande valse brilliante».

Тады якраз песьні Дэмарчык пачуў францускі музычны імпрэсарыё Бруно Какатры, уладальнік парыскага мюзык-холу «Алімпія». Ён запрасіў Дэмарчык ў Парыж і пасьля яе выступу для музычнай францускай эліты ў «Алімпіі» ўвайшоў на сцэну, стаў перад польскай сьпявачкай на калені і сказаў (цытую за кнігай «Чорны анёл», выдадзенай летась найбольш сур’ёзным польскім выдавецтвам"Znak«): «Вы выцягнеце францускую песьню з гаўна, ў якім яна патанула пасьля сьмерці Эдыт Піяф». І запрапанаваў ёй двухгадовы кантракт. Песьні для Эвы Дэмарчык мелі пісаць кампазытары і паэты, якія раней пісалі для Піяф. Дэмарчык адмовілася... Сказала, што ёй спачатку трэба закончыць тэатральную школу ў Польшчы. Такім чынам, як лічаць некаторыя, яна ўпусьціла магчымасьць міжнароднай кар’еры, бо згаданы францускі імпрэсарыё не скрываў перад прэсай, што бачыць у Дэмарчык матэрыял на сусьветную зорку фармату Піяф...

У 1967 годзе выйшаў адзіны студыйны альбом Эвы Дэмарчык у Польшчы: «Ewa Demarczyk śpiewa piosenki Zygmunta Koniecznego». На кружэлцы — 11 песьняў неверагоднай прыгажосьці і экспрэсіі. Песьняў, якія кожны мэляман майго ўзросту распазнае па дзьвюх-трох пачатковых нотах... Песьняў, якія пасьля паўстагодзьдзя ні трохі не састарэлі і выклікаюць ня меншыя «эстэтычныя дрыжыкі», чым тады, у 1960-х...

На мінулым тыдні я паглядзеў Эўрабачаньне, выслухаўшы ці не дзьве траціны фінальнага рэпэртуару, і ў мяне зьявілася такая «маразматычная» рэфлексія: калі б мне празь дзень пасьля гэтага фэстывалю зайгралі мэлёдыю нейкай фінальнай песьні, я б хутчэй за ўсё не распазнаў, ні хто яе сьпяваў у Стакгольме, ні пра што яна была... Уключна зь песьняй Джамалы... Проста цяпер пайшла іншая песенная культура — усе гэтыя візуальныя трукі ды балетная акрабатыка дзіўна апранутых або распранутых дзевак і дзецюкоў настолькі зацьмяваюць «Божую іскру» вакаліста, што гэтая іскра альбо ня бліскае наогул, альбо нікому і непатрэбная... Зусім інакш было ў часы Піяф, і ў часы Дэмарчык, калі быў толькі мікрафон і выканаўца, і слухачу не дурылі галаву ніякімі кампутэрнымі візуалізацыямі...

Эва Дэмарчык у 1970-х шмат выступала ў СССР. У 1975 «Мелодия» выдала студыйны альбом сьпявачкі, на якім яна выконвае некалькі сваіх ранейшых песень па-расейску і некалькі новых па-польску... Кажуць, нібыта гэтая кружэлка разышлася 7-мільённым накладам... Паводле іншай вэрсіі — прадалі ажно 17 мільёнаў альбому... Я ў гэтыя лічбы ня вельмі каб верыў, але ў выпадку Эвы Дэмарчык яны гучаць ня надта фантастычна. Проста сьпявачка была цудоўная.

Апошні выступ Эвы Дэмарчык адбыўся ў 1999 годзе. Потым яна, як кажуць, адышла ў цень, пакінула публічнае жыцьцё. Некаторыя лічаць, што згубіла голас, што трапіла ў залежнасьць ад алькаголю, што не дала рады пагадзіцца з тым, што пасьля славы 1960-х і 1970-х наступіў для яе горшы час, у якім яна ўжо не змагла знайсьці ранейшага кантакту з публікай. Магчыма, што і не змагла знайсьці адпаведнага рэпэртуару, які дацягваў бы сваім узроўнем да ейных колішніх песьняў. Але ўсё гэта ня так істотна. Бо ў культуры сапраўдную ацэнку дае не журы Эўрабачаньня і не «народны плебісцыт», а час. Калі цябе не забываюць ня тое што празь 50 гадзін, а празь 50 гадоў, значыць, ты ў культуры — факт, а не артэфакт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG