Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У затрыманых падчас «Крытычнай масы» раварыстаў у суботу адбыліся ператрусы


Парваная куртка супрацоўніка ДПС, апублікаваная як доказ хуліганскіх дзеяньняў раварыстаў
Парваная куртка супрацоўніка ДПС, апублікаваная як доказ хуліганскіх дзеяньняў раварыстаў

30 красавіка ў кватэрах Станіслава Канавалава і Дзьмітрыя Паліенкі, затрыманых ў пятніцу падчас велапрабегу «Крытычная маса», адбыліся ператрусы.

Як апавяла Праваабарончаму цэнтру «Вясна» дзяўчына Станіслава Канавалава, у суботу яго прывялі дамоў у кайданках супрацоўнікі міліцыі. Пры суседзях, якія былі ў якасьці панятых, правялі ператрус: шукалі флэшкі і іншыя носьбіты інфармацыі. У выніку забралі цьвёрды дыск з кампутара, пасля чаго зьехалі разам з затрыманым.

Аналягічная сытуацыя адбылася і ў другога затрыманага — Дзьмітрыя Паліенкі.

Паводле інфармацыі праваабаронцы Кірыла Кажэнава, Паліенка і Канавалаў цяпер знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна.

У суботу ў афіцыйным твітэры ГУУС Менгарвыканкаму зьявілася наступная інфармацыя: «Хутка будзе на сайце ГУУС. Трэба відэа апрацаваць, тэкст ўзгадніць. Але там усё няпроста, аж да крымінальных спраў».

Аднак адпаведная інфармацыя на сайце ГУУС дагэтуль не зьявілася.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у дачыненьні да хлопцаў заведзена крымінальная справа па частцы 2 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу — «Хуліганства, учыненае паўторна, альбо групай асоб, альбо зьвязанае з супрацівам асобе, якая спыняе хуліганскія дзеяньні, альбо спалучанае з прычыненьнем менш цяжкага цялеснага пашкоджаньня». Па гэтым артыкуле хлопцам можа паграджаць да шасьці гадоў зьняволеньня.

Паводле вэрсіі міліцыі, якую агучыла прэс-служба ГУУС Менгарвыканкаму, раварысты 29 красавіка не падпарадкаваліся патрабаваньням міліцыі і ўчынілі бойку з супрацоўнікамі ДАІ.

Правабаронцы ж сьцьвярджаюць, што байцы АМАПу затрымалі 6 чалавек, зьбівалі ў аўтобусе, а потым з затрыманымі жорстка абышліся ў пастарунку.

Чацьвярых пасьля складаньня пратаколаў адпусьцілі.

«Крытычная Маса» — сустрэча ў адным месцы значнай колькасьці раварыстаў з наступным арганізаваным рухам групы па горадзе. Першы сумесны заезд быў праведзены ў 1992 годзе ў Сан-Францыска. З таго часу рух стаў папулярным у больш чым 300 гарадах сьвету. Мэты «Крытычнай масы» — прасоўваньне ровара як транспарту, папулярызацыя здаровага ладу жыцьця, барацьба за правы раварыстаў на дарозе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG