Як паведамляюць у міліцыі, увечары ў пятніцу ля Тэатра опэры і балета сабраліся раварысты ў колькасьці ад 20 да 30 чалавек. Некалькі зь іх мелі пры сабе чорна-зялёныя сьцягі.
«Каля 19.20 калёна накіравалася ў бок музэя Вялікай Айчыннай вайны. У раёне стэлы „Менск — горад-герой“ група раварыстаў, груба парушаючы патрабаваньні Правілаў дарожнага руху, выехала на праезную частку. На неаднаразовыя патрабаваньні супрацоўнікаў ДАІ (апошнія вымушаны былі выкарыстоўваць гукаўзмацняльную апаратуру і пробліскавыя маячкі) не рэагавалі. Пры спробе спыніць супрацьпраўныя дзеяньні і вярнуць іх на тратуар, парушальнікі правапарадку аказалі непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі. Адзін з удзельнікаў кінуўся ў бойку з супрацоўнікам ДАІ, пашкодзіўшы яму форменнае абмундзіраваньне», — заяўляюць у сталічнай міліцыі.
Паводле паведамленьня, «шасьцёра завадатараў бойкі» былі затрыманыя і дастаўленыя ў Цэнтральнае РУУС для разбору. Іх дзеяньням даецца прававая ацэнка. У акаўнце ў сацсетках ГУУС таксама апублікавала фота парванай курткі супрацоўніка ДАІ.
Учора пра інцыдэнт з раварыстамі паведамілі праваабаронцы. Паводле сайту праваабарончага цэнтру «Вясна», каля стэлы канец калёны раварыстаў падрэзаў мікрааўтобус, адтуль выскачылі супрацоўнікі АМАПу, якія затрымалі некалькіх раварыстаў, у тым ліку і назіральніка Беларускага Хэльсынскага камітэту.
«Крытычная Маса» — сустрэча ў адным месцы значнай колькасьці раварыстаў з наступным арганізаваным рухам групы па горадзе. Першы сумесны заезд быў праведзены ў 1992 годзе ў Сан-Францыска. З таго часу рух стаў папулярным у больш чым 300 гарадах сьвету. Мэты «Крытычнай масы» — прасоўваньне ровара як транспарту, папулярызацыя здаровага ладу жыцьця, барацьба за правы раварыстаў на дарозе.