Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацкага прафсаюзнага лідэра звольнілі з працы і арыштавалі за пратэст


Мікола Шарах
Мікола Шарах

У Полацку прайшоў пікет у падтрымку намесьніка старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу беларускага, памочніка майстра ў цэху № 7 ААТ «Полацак-Шкловалакно», зь якім адміністрацыя адмаўляецца працягваць кантракт.

На пікет прыйшлі полацкія прадпрымальнікі, дэмакратычныя актывісты, журналісты і проста неабыякавыя гараджане. Акцыя праходзіла на пляцоўцы каля кінатэатру «Радзіма», доўжылася каля гадзіны. Паводле спадара Шараха, галоўнай мэтай пікетоўцаў было данесьці думку пра несправядлівасьць яго звальненьня — пра тое, што адміністрацыя напярэдадні ўнесла ў калектыўную дамову незаконныя зьмены, каб знайсьці падставы для непрацягненьня кантракту.

Міколу Шараха затрымалі ў пад’езьдзе ягонага дома, калі ён вяртаўся з акцыі. Пра гэта паведаміў удзельнік пікету Віктар Стукаў, кіраўнік «пярвічкі» СПБ на ААТ «Полацак-Шкловалакно»:

«Падчас пікету да нас падыходзіла прадстаўніца ідэалягічнага аддзелу спадарыня Ганебная, яна пыталася, ці маем мы дазвол на акцыю. Я адказаў, што мы ня маем забароны, бо на наш ліст у райвыканкам адказу мы так і не атрымалі. Зрэшты, мы дазволу і не прасілі, бо як сябры прафсаюзу маем права на прафсаюзную дзейнасьць, а дзяржава ня мае права ўмешвацца ў справы прафсаюзу. Падчас пікету затрыманьняў не было, а цяпер мы зь сябрамі зьбіраемся ў полацкі РАУС, каб даведацца, што зь Мікалаем».

Затрыманьне спадара Шараха сёньня было не адзінае. Непасрэдна перад акцыяй быў затрыманы экс-палітвязень, прыхільнік стварэньня партыі БХД, жыхар Наваполацку Андрэй Гайдукоў. Ён распавёў, што яго забралі за тое, што вывесіў расьцяжку са словамі «Праца — гэта права, а не абавязак»:

«Спачатку я думаў, што буду вывешваць яе да 1-га траўня, Дня міжнароднай салідарнасьці працоўных. Каб прыцягнуць увагу гараджан да праблемы з правам на працу. Бо ў нас то караюць за „дармаедзтва“, то звальняюць чалавека, які імкнецца працаваць. Зь Мікалаем Шарахам вось не працягнулі кантракт, хоць ён — бадай што самы дасьведчаны работнік. А галоўнай прычынай — тое, што ён намесьнік кіраўніка „пярвічкі“ на прадпрыемстве, адстойвае правы працоўных, а гэта не падабаецца адміністрацыі».

На Андрэя Гайдукова ў Наваполацкім ГАУС склалі адміністрацыйны пратакол паводле часткі 2 артыкула 21.14 — «Парушэньне правіл утрыманьня і добраўпарадкаваньня населеных пунктаў». Разбор па гэтым факце адбудзецца ў панядзелак, 2-га траўня, у наваполацкім гараддзеле міліцыі.

У чым вінавацяць Мікалая Шараха і якія падставы міліцыянты знайшлі, каб яго затрымаць, дагэтуль не вядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG