Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскай школе прысвоена імя амэрыканкі Рут Уолер

Школе № 130 у Менску прысвоена імя грамадзянкі Злучаных Штатаў Амэрыкі Рут Уолер.

На ўрачыстай цырымоніі ў менскай школе прысутнічалі намесьніца генэральнага сакратара ААН Хэлен Кларк, міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей і часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд.

Рут Уолер была супрацоўніцай місіі Адміністрацыі дапамогі і аднаўленьня Аб’яднаных Нацый (UNRRA), якая працавала ў Беларусі ў 1946–1947 гадах. У жніўні 1946 году 24-гадовая амэрыканка ўратавала трох беларускіх хлопчыкаў, якія танулі ў возеры. Неўзабаве захварэла на запаленьне лёгкіх і мэнінгіт. Нягледзячы на намаганьні лекараў, выратаваць Рут Уолер не ўдалося. Яе пахавалі на Вайсковых могілках у Менску.

Дзейнасьць UNRRA была скіраваная на дапамогу краінам, якія найбольш пацярпелі ў Другую ўсясьветную вайну. Значны ўнёсак у дзейнасьць арганізацыі зрабілі ЗША. У Беларусі ў складзе місіі UNRRA працавалі пятнаццаць чалавек, у фінансавым вымярэньні дапамога ЗША па гэтай лініі склала 60 мільёнаў даляраў.


XS
SM
MD
LG