Пракурор патлумачыў, што ў Крымінальным кодэксе акрамя артыкулу 228 аб кантрабандзе зброі, які ў тым ліку інкрымінуюць Аватараву, зьявіўся артыкул 333, які прадугледжвае адказнасьць за перавоз зброі празь дзяржаўную мяжу.
«Абвінавачаньню патрэбна вызначыцца, які артыкул будзе інкрымінаваны Тарасу Аватараву паводле эпізоду пра перавоз гранаты празь мяжу», — паведаміў журналістам Аляксандр Мірончык.
Тарас Аватараў з лавы падсудных да заканчэньня паседжаньня пасьпеў сказаць, што «КДБ хоча даць яму 10 гадоў».
На ўчорашнім паседжаньні суду Тарас Аватараў не прызнаў, што перавозіў гранату празь беларуска-ўкраінскую мяжу ў лістападзе 2015 году. Пры гэтым падчас сьледзтва Аватараў прызнаваў, што вёз гранату з сабой і плянаваў падарваць яе ў выпадку затрыманьня супрацоўнікамі ФСБ Расеі.
На судзе Аватараў ад гэтых паказаньняў адмовіўся, заявіўшы, што даваў іх пад ціскам і «пад узьдзеяньнем пэўных прэпаратаў».
Паводле артыкулу 333 прадугледжанае пакараньне да 7 гадоў зьняволеньня.
Раней інкрымінаваныя Тарасу Аватараву артыкулы аб незаконных дзеяньнях са зброяй і кантрабадзе зброі прадугледжвалі да 8 гадоў зьняволеньня.
Працэс над Тарасам Аватаравым адновіцца ў панядзелак, 25 красавіка.